Усё пачалося з замены чыпа на дамофоне. Потым магілёўскаму пенсіянеру прыгразілі “адказнасцю за дапамогу УСУ”.
У Магілёве тэлефонныя махляры ледзь не абрабавалі пажылога мужчыну. Спачатку незнаёмцы патэлефанавалі пенсіянеру і паведамілі, што ў яго пад’ездзе мяняюць дамофонныя чыпы і трэба нешта ўдакладніць.
Наступны званок паступіў ужо ад нібыта супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Голас у трубцы гучаў пераканаўча: персанальныя даныя мужчыны скампраметаваныя, а з яго рахунку проста цяпер спрабуюць вывесці за мяжу 16 тысяч долараў і, каб уратаваць грошы, трэба дзейнічаць неадкладна, строга па інструкцыі.
Напалоханы пенсіянер зняў усе зберажэнні, якія збіраў на працягу 15 гадоў, і адправіўся ў Мінск перадаваць іх кур’еру. Толькі на зваротнай дарозе да яго прыйшло ўсведамленне таго, што адбылося. Кур’ер быў затрыманы да таго, як паспеў схавацца, а ўся сума канфіскавана. Хутка грошы вернуць законнаму ўладальніку.
Фота ілюстрацыйнага характару.
