Сацук

Вядомы журналіст-расследвальнік сустракае дзень народзінаў у магілёўскай калоніі

Адзін з лепшых у Беларусі журналістаў-расследвальнікаў, палітвязень Сяргей Сацук 15 красавіка сустракае свой 58 дзень народзінаў у калоніі №15 Магілёва.

Як паведаміў Радыё Свабодзе адзін з былых асуджаных, які нядаўна выйшаў на волю і раней знаходзіўся ў той жа ўстанове, стан здароўя журналіста прыкметна пагоршыўся.

Паводле яго, у Сацука сур’ёзныя праблемы з сэрцам. Медыкі, нібыта, рэкамендуюць устаноўку кардыёстымулятара, без якога існуе пастаянная рызыка для жыцця. Аднак у калоніі такую дапамогу не аказваюць. Акрамя таго, гаворка ідзе пра захворванні падстраўнікавай залозы і праблемы з хрыбетнікам. Пры гэтым неабходныя лекі, як сцвярджае суразмоўца, перадаць не дазваляюць.

Крыніца, якая прасіла не раскрываць яе імя з меркаванняў бяспекі, адзначае, што ў такіх умовах Сяргею Сацуку даводзіцца вельмі цяжка.

Нягледзячы на стан здароўя, ён, як і іншыя асуджаныя працаздольнага ўзросту, прыцягваецца да працы. Паводле інфармацыі суразмоўцы, Сацук заняты ў прамысловай зоне, дзе выконвае цяжкую фізічную працу, у тым ліку пераносіць метал. Лёгкіх умоў працы там, як адзначаецца, няма.

Журналіста-расследвальніка, рэдактара беларускага парталу «Ежедневник» (ej.by) Сяргея Сацука ў кастрычніку 2022 году асудзілі на восем гадоў зняволення і штраф у 500 базавых велічынь.

Журналіста абвінавачвалі по трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: 430 («атрыманне хабару»), 130 («распальванне варожасці») і 426 («перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў»). Праваабаронцы заяўлялі аб палітычных матывах пераследу журналіста, прызналі яго палітвязнем і дамагаюцца вызвалення.

Фотаздымак: www.bbc.com

← Усе навіны Магілёва