У праблемах магілёўскай прамысловасці вінаваты расійскі рынак, а выратуюць усіх звышцяжкія ліфты і ненапісаныя кантракты са Славакіяй.
У Магілёўскі аблвыканкам прыехаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты – абмяркоўваць працу прадпрыемстваў.
Старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка адкрыў пасяджэнне гладкай фармулёўкай: «Вынікі дзейнасці прамысловага сектара ў значнай ступені вызначаюць выніковыя паказчыкі работы рэгіёна па выкананні даручэнняў і мэтавых параметраў, устаноўленых Кіраўніком дзяржавы і ўрадам».
Ні адной лічбы, ні аднаго прозвішча – толькі «мэтавыя параметры».
Генеральны дырэктар ААТ «Магілёўліфтмаш» Руслан Страхар выступіў з дакладам і адразу зрабіў ход, якім карыстаюцца ўсе дырэктары ў свеце, калі не выканалі план: абвінаваціў знешнія абставіны.
Цытата: «на прадпрыемстве сапраўды назіраецца пэўнае зніжэнне аб’ёмных паказчыкаў… дадзеная дынаміка абумоўлена ў першую чаргу складанымі працэсамі, якія адбываюцца на ключавым стратэгічным рынку – у Расійскай Федэрацыі».
Нагадаем, што той жа Страхар у 2023 і 2024 года казаў адваротнае: расійскі рынак – гэта залатое дно, санкцыі супраць Otis і Schindler адкрылі ААТ «Магілёўліфтмаш» гістарычны шанец, мы заваявалі чвэрць рынку.
Тады расійскі рынак быў крыніцай поспехаў. Цяпер – крыніцай правалаў.
Далей Страхар пераключыў увагу на будучыню. Выратаванне – спецыяльныя электрарухавікі для АЭС: спачатку Славакія, потым, па яго словах, «Венгрыя і Чэхія».
Славацкі пасол Мігаш прыязджаў у Магілёў напярэдадні пасяджэння. Адзін візіт ветлівасці – і ўжо тры рынкі ЕС у справаздачы гендырэктара. Маўляў, выходзім на рынкі Еўропы.
Асабліва «перспектыўна» выглядае Чэхія, якая падтрымлівае санкцыі супраць Беларусі і будуе ядзерную энергетыку на амерыканскім Westinghouse. Шанцы магілёўскага прадпрыемства паставіць туды крытычнае абсталяванне – нулявыя.
Думаецца, што прыкладна такія ж шанцы і на тое, што Дзмітрый Круты паверыў казкам магілёўскіх чыноўнікаў.
Фота: “Магілёўскія ведамасці”.
