Закрыўся бар “Руки вверх”, які летась з’явіўся на месцы легендарнага начнога клуба “Форум” у Магілёве.
Пра змену назвы бара паведамілі магілёўскія тэлеграм-каналы. “Інтэр’ер і стыль бара застаўся ранейшым, тольк змянілася назва, зараз гэта бар «Малінкі» – піша ZatestilMogilev.
Пры гэтым паведамляецца, што “Руки вверх” пераедзе на нейкае новае месца.
Карыстальнікі Threads адрэагавалі на навіну збольшага абыякава, пры гэтым ўзгадваючы назву “Форум”. “Форум ёсць Форум! Як ні назаві”, “Форум” будзе, пайду. А “Руки вверх”, “Малінкі” як не называй, – ні нагой”, “Нядоўга музыка грала…”, – напісалі некаторыя з іх.
Нагадаем, што “Руки вверх” пампезна адкрыўся ў Магілёве ў кастрычніку 2025 года. Адкрыцця бара з такой назвай нібыта з нецярпеннем чакалі апошнія паўгода: некаторыя магілёўскія медыя нават назвалі з’яўленне такога бара ў горадзе галоўнай культурна-забаўляльнай падзеяй восені-2025.
Забаўляць магілёўцаў абяцаліі жывой музыкай, конкурсамі, танцамі, дыджэй-сэтамі і караоке з хітамі эпохі трыццацігадовай даўніны. Гэта павінна было быць адно суцэльнае “падарожжа ў шчаслівыя 90-я”. Цяпер, відаць, гэтае падарожжа скончылася.
Расійская сетка бараў “Руки вверх” з’яўляецца праектам былога франтмэна аднайменнага гурта Сяргея Жукава. У Магілёве гэты бар адкрыўся па франшызе.
Фотаздымак: ТГ ZatestilMogilev
