Магілёўская вобласць хваліць Лукашэнку. Не толькі масава, але і сінхронна. Журналісты выявілі, што ў сацсеткі хлынула армія чыноўнікаў, каб хваліць уладу. Пераважна з Магілёўшчыны.
Магілёўшчына зноў апынулася ў беларускіх топах. Праўда, падставы для гонару – на вялікага аматара. У нас па-ранейшаму самая нізкая сярэдняя зарплата ў краіне: у сакавіку 2026 года яна склала 2453,2 рубля, ніжэй, чым ва ўсіх іншых абласцях і Мінску. Тут жа, паводле даных Белстата за 2023 год (пазней дадзеныя былі засакрэчаны), быў самы высокі ўзровень спажывання алкаголю сярод рэгіёнаў – 12,5 літра абсалютнага алкаголю на чалавека ў год. А цяпер вобласць засвяцілася яшчэ і як адзін з самых прыкметных рэзерваў публічнай любові да Аляксандра Лукашэнкі.
Актыўнасць мутных акаўнтаў
Падставай стала навіна пра абмен зняволенымі паміж Беларуссю і Польшчай. 28 красавіка на беларуска-польскай мяжы прайшоў абмен у фармаце «пяць на пяць»: Беларусь перадала Польшчы палітвязня Анджэя Пачобута, двух грамадзян Польшчы і двух грамадзян Малдовы. У адваротны бок уехалі двое беларускіх шпіёнаў, двое грамадзян Расіі і яшчэ адзін чалавек, асоба якога публічна не раскрывалася.
Пасля гэтага ў Threads раптам ажывіліся каментатары, якія пачалі масава пісаць пра «гуманізм», «мудрасць» і «канструктыўны дыялог».
На першы погляд – звычайная хваля падтрымкі. Але журналісты «Зеркала», якія вывучылі гэтыя акаўнты, заўважылі цікавую дэталь: многія з іх не падобныя на жывую грамадскую дыскусію. Адны профілі былі амаль пустымі, але раптам пакідалі па некалькі аднатыпных каментароў у розных галінках. Іншыя, наадварот, аказаліся цалкам рэальнымі людзьмі – чыноўнікамі, ідэолагамі, работнікамі бюджэтнай сферы і раённых медыя.
І тут зноў усплыла Магілёўшчына. Сярод тых, хто нахвальваў Лукашэнку, «Зеркало» выявіла намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Горацкага педагагічнага каледжа, начальніц аддзелаў ідэалагічнай работы са Шклова і Быхава, рэдактараў раённых газет з Крычава і Краснаполья, а таксама супрацоўнікаў камунальных і дзяржаўных структур.
Гэта значыць гэта былі не толькі ананімныя акаўнты з нулявой гісторыяй, а цалкам пазнавальныя прадстаўнікі той самай вертыкалі, якая ў звычайным жыцці адказвае за «ідэалогію», выхаванне, раённую прэсу і бадзёры настрой на месцах.
П’ём за здароўе старога
Выглядае гэта асабліва паказальна на фоне афіцыйных электаральных лічбаў. Паводле агучаных даных Магілёўскай абласной камісіі, на «прэзідэнцкіх» выбарах 2025 года за Лукашэнку ў рэгіёне нібыта прагаласавалі 675 114 чалавек – 92,45% тых, хто галасаваў. У цэлым па краіне ЦВК абвясціў вынік Лукашэнкі на ўзроўні 86,82%, хаця заходнія палітыкі і назіральнікі называлі гэтыя выбары несвабоднымі і фіктыўнымі.
Гэта значыць паводле афіцыйнай статыстыкі Магілёўская вобласць не толькі рэгіён з самымі нізкімі зарплатамі і найбольшай колькасцю п’яніц, але і адзін з самых «удзячных» Лукашэнку рэгіёнаў. І цяпер гэтая ўдзячнасць, здаецца, перамясцілася з актавых залаў, раённых газет і пратаколаў камісій проста ў Threads.
Сінхроннае захапленне
Супадзенне выглядае яшчэ больш дзіўным з-за часу. Усяго за некалькі дзён да гэтай хвалі каментароў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Перцаў на з’ездзе партыі «Белая Русь» адкрыта заклікаў праўладную моладзь больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскіх дыскусіях у сацсетках і «ўступаць у палеміку ў каментарыях» да пастоў, дзе, паводле яго слоў, «нядобразычліўцы разганяюць сацыяльную, камунальную або іншую праблему».
Пасля такога закліку ў Threads сапраўды з’явіліся людзі, якія пачалі спрачацца не толькі пра абмен зняволенымі. Яны хвалілі раддом і школу, якія наведваў Лукашэнка, падтрымлівалі пазіцыю Міністэрства аховы здароўя ў гісторыі Ксюшы Маісеенка, якой беларусы збіралі грошы на лячэнне, абаранялі добраахвотна-прымусовыя падпіскі на дзяржаўныя газеты і прыносілі ў абмеркаванні афіцыйныя версіі Міністэрства абароны.
Зарплата за адданасць
Атрымліваецца амаль ідэальная карціна беларускай «грамадскай дыскусіі»:
знізу – незадаволенасць зарплатамі, падпіскамі, бальніцамі, камуналкай і бяспраўем;
зверху – інструкцыя больш актыўна каментаваць;
пасярэдзіне – бюджэтнікі, ідэолагі і рэдактары раёнак, якія ідуць у Threads тлумачыць усім, што насамрэч усё добра.
Галоўнае пытанне тут нават не ў тым, боты гэта ці не боты. У Беларусі мяжа паміж ботам і бюджэтнікам даўно стала размытая. Бот піша па метадычцы, бо яго для гэтага стварылі. Бюджэтнік піша па метадычцы, бо занадта добра разумее, дзе працуе, хто яго начальнік і што бывае з тымі, хто публічна сумняваецца.
Таму масавая любоў да Лукашэнкі – гэта не столькі любоў, колькі службовы абавязак асоб, якія атрымліваюць зарплату за адданасць.
Фотаклаж: «Зеркало».
