патануў

Хапіла лужыны, каб патануць: чым скончылася ў Бабруйску сварка з-за цыгарэты

У Бабруйску на вуліцы выпадкова сустрэліся двое мясцовых жыхароў – 59 і 43 гадоў. Малодшы папрасіў у старэйшага цыгарэту, атрымаў грубы адказ і размова перарасла ў канфлікт, а потым у бойку. Старэйшы, нецвярозы, атрымаў некалькі ўдараў па галаве і ўпаў тварам уніз на асфальтаваную дарогу – у лужыну.

Апанент выцягнуў яго адтуль і выклікаў хуткую дапамогу і міліцыю, але выратаваць мужчыну не ўдалося.

Судова-медыцынскую экспертызу правёў Бабруйскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Згодна з абнародаваным 20 жніўня заключэннем, пашкоджанні на галаве і руках загінулага па ступені цяжкасці кваліфікаваны як лёгкія і ў прычыннай сувязі са смерцю не знаходзяцца.

У крыві выяўлены этылавы спірт у канцэнтрацыі 3,6 праміле, а смерць наступіла ад механічнай асфіксіі ў выніку закрыцця дыхальных шляхоў вадой пры ўтапленні.

Ад высновы эксперта ў гэтай гісторыі залежала, тры гады ці пятнаццаць атрымае падазраваны.

Паводле заключэння Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў у дачыненні да 43-гадовага мужчыны крымінальную справу за прычыненне смерці па неасцярожнасці.

Фота ведамаснага сайта ДКСЭ.

← Усе навіны Магілёва