Халакост

2 кастрычніка: дзень у гісторыі. Дзень электроннай пошты. Заключэнне Гарадзельскай уніі. Першы масавы расстрэл яўрэяў у Магілёве

Міжнародны дзень нягвалту.

Адзначаецца з 2007 года, у гонар дня Махатмы Гандзі – кіраўніка барацьбы за незалежнасць Індыі, заснавальніка філасофіі і ідэі нягвалту.

Мэта Дня – жаданне зацвердзіць культуру міру, цярпімасці, разумення і нягвалту.

Міжнародны дзень сацыяльнага педагога (з 2009 года).

Сацыяльны педагог ажыццяўляе комплекс мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне, выхаванні і развіцці навучэнцаў у сферы бліжэйшага атачэння: навучальным калектыве, сям’і, па месцы жыхарства, у маладзёжных аб’яднаннях.

Забяспечвае сацыяльна-педагагічную падтрымку і дапамогу педагогам пры арганізацыі ўзаемадзеяння з вучнямі і іх бацькамі.

 1413 год. Заключана Гарадзельская унія паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім. 

Дамова вялікага князя літоўскага Вітаўта са сваім стрыечным братам, польскім каралём Уладзіславам Ягайлам.

Падпісана ў Гародле на рацэ Буг.

Вітаўт прызнаваў вярхоўную ўладу Ягайлы.

Адначасова ўводзіўся інстытут спадчыннасці стальца і тытула вялікага князя літоўскага.

У ВКЛ утварылася аднолькавае з Польшчай адміністрацыйнае дзяленне.

Літоўскія баяры-каталікі атрымалі правы польскай шляхты, а таксама польскія гербы.

Агульныя шляхецкія соймы вырашана склікаць у Любліне, або ў Парчаве.

 

1828 год. Нарадзіўся Міхаіл Каяловіч. 

Гісторык і грамадскі дзеяч беларускага паходжання. Славянафіл.

Даследчык гісторыі ўніяцтва, царкоўнай і агульнай гісторыі, народнага руху Заходняга краю.

Заходнерусіст, адстойваў пункт погляду, што беларусы з’яўляюцца самабытнай часткай рускага народа, а беларуская гаворка — гэта «мост» паміж маларасійскай і вялікарускай гаворкамі.

1930 год. У Гродна выйшаў з друку першы нумар грамадска-культурнага часопісу «Беларуская думка».

 Штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс выдаваўся да 1932 года на беларускай мове.

Асвятляў беларускі грамадскі рух на Гродзеншчыне.

Апублікаваў даклад Р. Астроўскага «Беларуская справа высоўваецца на парадак дзённы польскім грамадзянствам» (1931, № 9) пра змену адносін польскага ўрада да беларускага пытання.

Друкаваліся і літаратурныя творы, у тым ліку  М. Журбы, Я. Коласа, Я. Купалы.

Астроўскі
На фота – Радаслаў Астроўскі

1941 год. У акупаваным Магілёве фашысты зрабілі першы масавы расстрэл яўрэяў.

2 кастрычніка пачаліся затрыманні і расстрэлы (у тым ліку на тэрыторыі гета). Расстрэльвалі мужчын, жанчын, дзяцей. Усяго было забіта 2 273 чалавекі. Гэты эпізод лічыцца пачаткам ліквідацыі гета ў Магілёве.
У сучаснай Беларусі гэты і іншыя акты Халакоста ў гады Другой Сусветнай вайны стануць называць “генацыдам беларускага народа”.
яўрэй

1948 год. У Бабруйску нарадзіўся Сямён Дамарад.

Беларускі мастак-манументаліст.

Працуе ў станковым жывапісе і галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча і іншых установах культуры.

Персанальныя выставы ладзіліся ў розных гарадах Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі.

1952 год. Пайшоў з жыцця Уладзімір Агіевіч. 

Беларускі літаратуразнаўца, паэт, перакладчык.

Выхаванец Магілёўскага педінстытута (1937).

Аўтар вершаў, даследчык творчасці  Я. Купалы і Я. Коласа, пасляваеннай беларускай паэзіі, кніг для чытання для школ рабочай і сельскай моладзі.

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Шупа. 

Беларускі філолаг, перакладчык, журналіст, грамадскі дзеяч.

Працаваў навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, удзельнічаў у выданні газеты «Наша Ніва».

Супрацоўнік «Радыё Свабода», рэдактар Радыё «Балтыйскія хвалі».

Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х гадоў

Свабодна валодае 9 сучаснымі еўрапейскімі мовамі, іўрытам, старажытнагрэчаскай і лацінскай мовамі.

Укладальнік і публікатар «Архіваў БНР» (1998). Аўтар кнігі «Падарожжа ў БНР» (2018).

1965 год. Нарадзіўся Зміцер Сідаровіч. 

Беларускі музыкант, бард, дудар.

Творчы кіраўнік гурта «Камелот». Збіральнік фальклору.

У 2000 годзе З. Сідаровіч разам з гуртамі «Стары Ольса» і «Contredanse» запісаў зборны альбом «Вір».

Заснавальнік капэлы «На таку», якая ладзіць вечарыны традыцыйнага танцу.

Памёр у 2014 годзе.

1971 год. Дзень нараджэння электроннай пошты.

Інжынер BBN Technologies Р. Томлінсан адправіў першае паведамленне з аднаго кампутара на іншы, якія стаялі ў адным кабінеце.

Сімвал @ (“слімак” або “малпа”) таксама быў прыдуманы Р. Томлінсанам для падзелу імёнаў кампутара і карыстальніка, з прычыны яго рэдкага выкарыстання.

Самы распаўсюджаны пароль на паштовых сэрвісах – набор лічбаў  123456.

← Усе навіны Магілёва