Камандзір узвода мінскага АМАПа маёр міліцыі Алесь Бакан (па-руску яго імя міліцыянеры пішуць як Олесь) памёр 26 верасня, праз месяц пасля свайго сорак трэцяга дня нараджэння.
У некралогу МУС смерць названая раптоўнай, прычына не ўказаная. Бакан нарадзіўся 27 жніўня 1983 года, у міліцыі служыў з 2004-га, а ў 2011 годзе скончыў Магілёўскі вышэйшы каледж МУС – навучальную ўстанову, якая з 2013 года называецца інстытутам.
У маёра засталіся жонка, 13-гадовы сын і бацькі-пенсіянеры.
Развітацца з камандзірам узвода 28 верасня прыехаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, з ім – першы намеснік міністра Юрый Назаранка, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Міхаіл Грыб і камандзіры АМАПаў з рэгіёнаў.
Для афіцэра такога звяна гэта незвычайны ўзровень. Міністр і сам з Магілёўшчыны: Кубракоў родам з Малінаўкі Касцюковіцкага раёна.
Шэсць гадоў таму такая ж фармулёўка прагучала ў Магілёве. У лютым 2020 года раптоўна памёр начальнік абласной ДАІ палкоўнік Вячаслаў Крылаў – яму было 42 гады, на новай пасадзе ён прапрацаваў тры месяцы.
Шклоўчанін пачынаў службу слухачом Магілёўскай школы міліцыі, у 2000 годзе скончыў Акадэмію МУС. Прычыну смерці палкоўніка УУС таксама не назвала.
Калі прычыну лічаць магчымым назваць, яе называюць. Пра 41-гадовага былога супрацоўніка мінскага АМАПа Дзмітрыя Манчыка вясной 2025 года наўпрост пісалі, што ён памёр пасля працяглай хваробы.
У некралогу Бакана міністэрства знайшло месца для «бязмернага смутку» ў вачах удзельнікаў цырымоніі і для абяцання, што «сваіх не кідаюць». Радка пра тое, ад чаго памёр 43-гадовы маёр, у ім няма.
Фота прэс-служба МУС.
