Леніно

«Ветэраны» без ветэранаў: хто з Польшчы прыехаў у Леніно дзякаваць Лукашэнку

На 83-ю гадавіну бою пад Леніно ў Горацкі раён прыехала польская дэлегацыя прыкладна з дваццаці чалавек, і агенцтва БелТА назвала яе ўдзельнікаў «польскімі ветэранамі». Кіраўнік дэлегацыі Роланд Дубоўскі падзякаваў Лукашэнку за стабільнасць, паскардзіўся на Польшчу, якая старэе і бяднее, і расказаў пра разбурэнне традыцыйных каштоўнасцей у Еўропе. Ветэранаў у дэлегацыі няма і быць не можа: 1-я польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі прыняла першы бой 12 кастрычніка 1943 года, наймалодшым яе салдатам цяпер за сто гадоў. Дубоўскі ўзначальвае Stowarzyszenie Spadkobierców Polskich Kombatantów II Wojny Światowej – таварыства спадкаемцаў польскіх ветэранаў. Уласны дзед старшыні пад Леніно не ваяваў: у 1939 годзе салдат арміі Другой Рэчы Паспалітай спрабаваў прабіцца да Варшавы і трапіў у акружэнне. Сам Дубоўскі, паводле яго ж слоў, родам з Беластоцкага ваяводства. Як выглядаюць сапраўдныя ветэранскія дэлегацыі, у Леніно памятаюць. На 65-ю гадавіну бою ў 2008 годзе прыехалі каля двухсот палякаў, сярод іх удзельнікі вайны, а на ўрачыстасці прыбылі начальнікі генеральных штабоў Беларусі і Польшчы. Цяпер польскі бок на мітынгу прадстаўляе таварыства Дубоўскага. Хто гэтыя спадкаемцы, польскае выданне OKO.press разабрала яшчэ ў 2023 годзе. Дубоўскі ўваходзіць у фэйсбук-групы «Так польска-расійскаму сяброўству» і «Не русафобіі і пуцінафобіі ў Польшчы». У студзені 2023 года разам з паплечнікамі ён пабываў у пасла Расіі і сам пахваліўся гэтым візітам у фэйсбуку. У Леніно ў 2023 годзе з Дубоўскім ездзілі Пётр Панасюк з Польскага антываеннага руху, заснаванага прарасійскім актывістам Лешэкам Сыкульскім, былы супрацоўнік Sputnik Polska Яраслаў Аўгустыняк і старшыня Таварыства польска-беларускага сяброўства Генрык Мікетын. Мікетына ў маі таго ж года асудзілі ў Польшчы за публічнае ўхваленне агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Партнёрамі паездкі Дубоўскі сам назваў дзевяць арганізацый, сярод іх:

  • «Братэрства славян»;
  • Польскі левы рух;
  • газета «Мысль Польска»;
  • Патрыятычна-працоўнае аб’яднанне «Грунвальд»;
  • Расійскае культурна-асветніцкае таварыства ў Беластоку. 

Большасць з іх польская прэса і раней апісвала як прарасійскія. У справаздачы «Мыслі Польскай» пра тую паездку сярод тых, хто выступаў на мітынгу, названыя Дубоўскі і наш Валерый Малашка. Палітыку сёлета старшыня таварыства выкладаў асцярожна: ворагі, паводле яго слоў, рвуць сувязі паміж людзьмі і разбураюць дыпламатыю, але хто яны, ён не ўдакладніў. У 2023 годзе ў эфіры «Радыё Беларусь» Дубоўскі быў больш прамалінейным: «Нашы ворагі – Злучаныя Штаты – спрабуюць нас пасварыць», і заклікаў да польска-беларуска-расійскага супрацоўніцтва. 

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва