Старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр Яфімчыкаў зрабіў адкрыццё на пасяджэнні, прысвечаным харчаванню ў школах і дзіцячых садках: калі дзеці не з’ядаюць прыгатаванае, значыць, ежа ім не падабаецца.
Да высновы кіраўнік раёна прыйшоў праз харчовыя адходы. Установы адукацыі, паводле яго слоў, забяспечаны ўсім неабходным, абсталяванне дазваляе гатаваць якасную і збалансаваную ежу, а працэнт таго, што застаецца ў талерках, прымушае задумацца.
Нясмачны абед Яфімчыкаў ацаніў па-чыноўніцку – як прамое сведчанне неэфектыўнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў. Ішоў да адкрыцця райвыканкам паўгода.
У красавіку на такім жа пасяджэнні з удзелам начальніцы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Людмілы Здорыкавай абмяркоўвалі санітарныя нормы, харчаблокі і меню паводле ўзросту, а адказным за ўвесь працэс Яфімчыкаў зрабіў кіраўніка ўстановы. Цяпер прычыны абяцаюць высветліць, а сітуацыю выправіць у найкарацейшыя тэрміны. Якія рашэнні прынялі, раённая газета раскажа ў наступным нумары.
Любы першакласнік паведаміў бы тое самае без пасяджэння дзядзек і цётак з райвыканкама – варта было толькі спытаць, чаму ён не даеў.
Фота «Чырвоны сцяг».
