Нельга не здзіўляцца знаходлівасці раённых газет Магілёўшчыны і іх наплявацельскаму стаўленню да чытачоў. Чэрыкаўская раённая газета апублікавала ліст «Ганны, жыхаркі нашага раёна».
Муж у яе добры, калі цвярозы, але можа піць тыдзень і становіцца агрэсіўным, пасля апошняга скандалу Ганну забрала хуткая дапамога, яны з мужам «не маладзеюць», і перад суседзямі сорамна.
На ліст адказвае ўчастковы інспектар Чэрыкаўскага РАУС Ігар Шуплякоў.
Роўна паўгода таму, 19 красавіка, той жа ліст надрукавалі «Мінск-Навіны». Там яго падпісала Вольга Пятроўна з вуліцы Куйбышава, з мужам яна жыла не пятнаццаць гадоў, а дваццаць, а муж падпрацоўваў грузчыкам.
Астатні тэкст супадае даслоўна – ад тыднёвых запояў да хуткай дапамогі і сораму перад суседзямі. Супадае і адказ. Параду звярнуцца да ўчастковага, а калі страшна – папрасіць схадзіць на прыём суседку або тэлефанаваць 102, у Мінску даваў участковы Савецкага РАУС лейтэнант Яраслаў Бекіш. Пералік тых, каго не накіроўваюць у ЛПП, перайшоў у чэрыкаўскі тэкст слова ў слова, а ў напаміне пра прыём грамадзян па серадах з 17:00 да 20:00 «у сталіцы» замянілі на «ў горадзе».
За паўгода сям’я з ліста пераехала з Мінска ў Чэрыкаўскі раён, а яе шлюб стаў на пяць гадоў карацейшым. П’е муж па-ранейшаму тыднямі. Здаецца, аналагічная праблема і ў чэрыкаўскіх журналістаў.
Фота ілюстрацыйнага характару.
