Звышнарматыўны падзёж буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках Шклоўскага раёна прывёў у райвыканкам пракурора ўсяе Магілёўшчыны.
У добрыя часы жывуць жывёлаводы, а таксама іх раённае кіраўніцтва на Шклоўшчыне. І хай сабе справы ў іх ідуць не надта добра, непакоіцца за гэта з большага пракуратура. Бо менавіта яна, згодна цяперашнім беларускім парадкам, вельмі цікавіцца тым, як адчуваюць сябе быкі і каровы ў сельгаспрадпрыемствах.
З аднаго боку, неяк не да канца адчуваецца пракурорскі клопат пра жывёлу – няма сведчанняў, каб тыя ж пракуроры паказалі сяльчанам на ўласным прыкладзе, як даглядаць і гадаваць жывёлу. З другога – бачна, што пракуратура неяк слаба рэагуе на вялікі падзёж рагатых насельнікаў ферм – не заводзіць растрэльныя артыкулы Крымінальнага кодэкса на працаўнікоў-сабатажніках. Не тое, што было гадоў 80 таму.
Вось прыехаў у Шклоў на пасяджэнне райвыканкама пракурор Магілёўскай вобласці Валерый Куліковіч. І стала адтуль вядома, што на 1 кастрычніка 2026 года ў прадпрыемствах АПК Шклоўскага раёна на 2,1% павялічылася колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Пры гэтым падзёж жывёлы вырас з 1 953 да 2 085 галоў, або на 6,8%.
Ну і што зрабілі ўдзельнікі пасяджэння разам з пракурорам? Можна сказаць, што нічога. Ніхто з іх не сарваўся і на ферму не паехаў папрацваць хаця б месяц. Толькі гаварыльню разводзілі. Як справаздачыцца пракуратура, “для недапушчэння звышнарматыўнага падзяжу ад кіраўнікоў сельгасарганізацый запатрабавана забяспечыць строгае выкананне тэхналагічных і ветэрынарна-санітарных правілаў пры вырошчванні пагалоўя”. І зноў нешта пра дысцыпліну, кампенсацыю ўрона і персанальную адказнасць мармыталі.
Пры такіх падыходах лепей бы Кулінковіч у Шклоў не ездзіў, дзяржаўнае паліва не паліў бы. Бо сэнсу ў такой справе – наглядзе за працай жывёлаводаў і немагчымасцю на яе паўплываць – ніякай няма.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
