Сетка

Сетка Глабальнай дамовы ААН дапамагла піяру магілёўскіх кампаній

У Магілёўскім раёне пад эгідай Мінлясгаса і Сеткі Глабальнай дамовы ААН прадстаўнікі кампаній і арганізацый высадзілі больш за 50 тыс. саджанцаў.

Як вядома, у ліпені 2025 года на Магілёў і наваколлі абрынуўся моцны ураган, які нарабіў шмат шкоды – паламаў і павырываў з карэннямі дрэвы, пазрываў дахі, параніў людзей. Дагэтуль не ўсе наступствы разгулу стыхіі ліквідаваныя. На месцы пустыроў было вырашана высаджваць маладыя саджанцы.

У суботу пад Магілёвам прайшла маштабная высадка дрэў у рамках акцыі “Дай лесу новае жыццё”. Ён быў арганізаваны дабрачынным праектам “Эра” пры падтрымцы Мінлясгаса і Сеткі Глабальнай дамовы ААН у Беларусі. 

На высадцы 17 кастрычніка сабраліся больш за 120 чалавек – валанцёры, прадстаўнікі кампаній «Рэмандзіс», «Актыўлізінг», «Альфа-Мані», «МУМТ Бі Уай», моладзевая каманда хакейнага клуба «Магілёў» і спецыялісты лясной гаспадаркі. У рамках праекта “Эра” вясной было высаджана 23 тыс. дрэўцаў.

“Мы маштабавалі нашы намаганні і аб’ядналіся з Сеткай Глабальнай дамовы, каб уцягнуць яшчэ больш людзей – ад дзяржаўных устаноў да бізнесу і спорту. Увесну мы пасадзілі 23 тысячы дрэў, а цяпер падвоілі вынік – гэта сапраўдная перамога!” – распавёў Міхаіл Герасімовіч, адзін з заснавальнікаў дабрачыннага праекта «Эра».

Тут варта адзначыць, што Сетка Глабальнай дамовы мае даволі не адназначную рэпутацыю, асабліва цяпер, калі аўтарытэт і рэпутацыя ААН сур’ёзна зменшыліся. Сетка з’яўляецца ініцыятывай ААН, накіраванай на заахвочванне сацыяльнай адказнасці бізнесу і прадастаўленні справаздач аб ажыццяўленні такой палітыкі. У прынцыпе гэта тое, што і адбылося ў кастрычніку пад Магілёвам. 

Пры гэтым сутнасцю Глабальнай дамовы з’яўляецца добраахвотнае абавязацельства прытрымлівацца шэрагу прынцыпаў, у аснове якіх, у прыватнасці, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Дэкларацыя асноватворных правоў і прынцыпаў у сферы працы Міжнароднай арганізацыі працы. А вось тут у Беларусі справы зусім дрэнныя. Правы чалавека пасля 2020 года гэта тое, пра што цяперашняя дыктатарская ўлада чуць нават не хоча і ўсяляк іх падаўляе. У сваю чаргу Міжнародная арганізацыя працы яшчэ ў 2023 годзе прыняла рэзалюцыю аб прымяненні ў дачыненні да Беларусі артыкула №33 Статута Арганізацыі. Арганізацыя заклікае сусветную супольнасць да перагляду адносін з уладамі Беларусі. Гэта адбылося пасля таго, як гэтыя ўлады праігнаравалі рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы па ліквідацыі рэпрэсій і парушэнняў правоў працоўных.

Аднак для Сеткі Глабальнай дамовы ААН у Беларусі такія акалічнасці ніяк не перашкодзілі супрацы з лукашэнкаўскімі ўладамі. Чагосьці асабліва дзіўнага тут няма. У свеце яе даволі часта крытыкуюць за непрытрымліванне дэклараваных прынцыпаў. І гэта дазваляе кампаніям і ўладам выкарыстоўваць Сетку для сваёй сацыяльнай рэкламы. 

Паказальным лічыцца ліст аднаго з плямёнаў індзейцаў у Парагваі, у якім яны «занепакоеныя і расчараваныя» з-за ўключэння ў Глабальную дамову скандальнай бразільскай жывёлагадоўчай кампані Yaguarete Porá, якая была абвінавачаная і аштрафаваная за незаконныя высечкі лясоў гэтага індзейскага племя і за ўтойванне доказаў. Індзейцы патрабавалі выключыць кампанію са спісу ўдзельнікаў Глабальнай дамовы. 

Фотаздымак: charity-era.by

← Усе навіны Магілёва