крыптабіржа

Жыхар Бабруйска страціў амаль 18 тысяч рублёў на фэйкавай крыптабіржы

33-гадовы бабруйчанін вырашыў зарабіць на крыптавалютах, але замест вялікіх прыбыткаў атрымаў два банкаўскія крэдыты і страту амаль на 18 тыс. рублёў.

Гісторыя пачалася ў жніўні, калі мужчына ўбачыў у інтэрнэце рэкламу, якая абяцала высокія заробкі на крыптатрэйдынгу. Бабруйчанін звязаўся з нібыта агентам крыптабіржы, пасля чаго яго перадалі пад апеку «фінансавага аналітыка». Той праз месенджар кіраваў усімі дзеяннямі будучага інвестара.

Па яго ўказанні мужчына зарэгістраваўся на фальшывай крыптабіржы, узяў крэдыты ў двух банках і пералічыў на прапанаваныя рэквізіты больш за 17,8 тыс. рублёў.

Праблемы пачаліся, калі бабруйчанін паспрабаваў забраць нібыта заробленыя грошы. Замест выплаты яму патэлефанавала «супрацоўніца фінансавага дэпартамента» і запатрабавала яшчэ дзве тысячы рублёў, маўляў, для актывацыі вываду сродкаў.

Такім чынам, каб атрымаць свае грошы, мужчыну прапанавалі спачатку заплаціць яшчэ. Тут ён нарэшце зразумеў, што стаў ахвярай махляроў, і звярнуўся ў міліцыю.

Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па факце махлярства ў буйным памеры. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва