Жыхара Мсціслаўскага раёна асудзілі на адзін год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай за браканьерскі вылаў 740 шырокапалых ракаў, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
У ліпені гэтага года мужчына з дапамогай раколавак здабыў ракаў, вылаў якіх забаронены. Браканьера затрымалі супрацоўнікі Мсціслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету каля аўтамабіля, у які ён якраз пераносіў мяшкі са здабычай.
Дзякуючы своечасоваму ўмяшанню інспектараў 411 ракаў засталіся жывымі. Іх вярнулі ў натуральнае асяроддзе. А вось астатніх 329 ракаў выратаваць не ўдалося. Нанесеную прыродзе шкоду ацанілі ў 149 850 рублёў.
У судзе мужчына цалкам прызнаў віну, раскаяўся і добраахвотна кампенсаваў шкоду. Гэтыя абставіны суд улічыў як змякчальныя. Абцяжарвальных абставінаў не выявілі.
У выніку яго прызналі вінаватым у незаконнай здабычы водных жывёл, якая прычыніла шкоду ў асабліва буйным памеры. Пакаранне – адзін год пазбаўлення волі і штраф у 40 базавых велічынь, або 1800 рублёў.
Аднак адпраўляць браканьера за краты адразу не будуць. Суд пастанавіў не прыводзіць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў выкананне, калі на працягу аднаго года мужчына не здзейсніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго абавязкі.
Фотаздымак: redrak.dp.ua
