Дзень ААН

Дзень у гісторыі. 24 кастрычніка. Дзень ААН. Трэці падзел Рэчы Паспалітай. “Халодная вайна”. Катастрофа на касмадроме “Байканур”

Міжнародны дзень ААН (з 1948 года).

Устаноўлены ў гонар уступлення ў сілу Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945 годзе. Беларусь – краіна-заснавальніца ААН.

ААН афіцыйна існуе з 24 кастрычніка 1945 года. ААН з’яўляецца цэнтрам вырашэння праблем, з якімі сутыкаецца ўсё чалавецтва. Гэта дзейнасць ажыццяўляецца сумеснымі намаганнямі больш за 30 звязаных з ёй арганізацый, якія складаюць сістэму ААН.

Колькасць дзяржаў-членаў ААН складае 193 краіны.

1743 год. Нарадзіўся Рафал Чарвякоўскі.

Беларускі хірург-навуковец.

Доктар медыцыны. Аўтар 12 тамоў прац па хірургіі, вынаходнік хірургічных прыладаў і спосабаў умяшання.

Меў лекарскую практыку ў шпіталях сталіц 6 дзяржаў Еўропы.

Прафесар медыцыны Галоўнай кароннай школы ў Кракаве, заснавальнік кафедры анатоміі, хірургіі і акушэрства, анатамічнага тэатра. Прыдворны лекар караля Станіслава Панятоўскага, галоўны лекар лазарэту падчас паўстання Касцюшкі.

Зрабіў першае ў Кракаве ўскрыццё нябожчыка і праводзіў сшыванне ранаў жывата і кішак, трэпанацыю чэрапа і трахеатамію.

Падрыхтаваў звыш 200 вучняў.

1795 год. Менш чым праз год пасля задушэння паўстання Т. Касцюшкі адбыўся Трэці і апошні падзел Рэчы Паспалітай. 

Манархі Расіі, Прусіі і Аўстрыі падзялілі паміж сабой рэшткі тэрыторыі Канфэдэрацыі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Дзяржава спыніла сваё існаванне.

Расійская імперыя атрымала найбольшыя тэрыторыі – 120 тыс. км²: Валынскае, Наваградскае, Віленскае, часткі Брэсцкага, Гродзенскага, Троцкага ваяводстваў і Жамойці з гарадамі Брэст, Наваградак, Гродна, Вільня, Коўна. Па ўсіх трох падзелах яна атрымала 60% ад усёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Прусія атрымала 48 тысяч км², Аўстрыйская імпэрыя – агулам 47 тысяч км².

1862 год. Нарадзіўся Даніэль Свароўскі.

Заснавальнік аўстрыйскай крыштальнай імперыі Swarovski.

У 1892 годзе атрымаў патэнт на першае сваё вынаходства – машыну па апрацоўцы крышталічных камянёў з беспрэцэдэнтнай дакладнасцю.

У 1895 годзе заснаваў у Ціролі завод па вытворчасці вырабаў з крышталю.

Якасць вырабленых на прадпрыемстве Svarovski крыштальных вырабаў дазволіла разглядаць іх як альтэрнатыву каштоўным камяням і дыяментам.

1948 – Амерыканскі прамысловец і дзяржаўны дзеяч Бернард Барух увёў тэрмін “халодная вайна”.

Гэтым тэрмінам уплывовы палітык  хацеў ахарактарызаваць хутка астываючыя адносіны ЗША і СССР пасля перамогі ў ІІ Сусветнай вайне.

З распадам сацыялістычнага лагера і СССР “халодная вайна” фактычна завяршылася, і прэзідэнт ЗША Джордж Буш не прамарудзіў павіншаваць свой народ з перамогай.

Тэрмін ”халодная вайна” – неад’емная частка гісторыі ХХ стагоддзя.

1953 год. Памёр Лявон Рыдлеўскі. 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Удзельнік Слуцкага паўстання (1920) і антысавецкага партызанскага руху на Палессі.

Дзеяч беларускай дыяспары ў Чэхіі, Францыі, Вялікабрытаніі.

Сустваральнік і сукіраўнік “Хаўруса беларускай працоўнай эміграцыі ў Францыі”.  “Ён фактычна быў апекуном усіх новапрыежджых беларусаў у Парыжы. Быў адданы свайму народу» – сведчыць Івонка Сурвіла.

Быў адным з тых, хто спрычыніўся да ўратавання каля 200 беларусаў з Даніі ад выдачы СССР.

Аўтар кнігі “Беларусь: Сціслы агляд гісторыі беларускага народу і нацыянальна-вызвольнага руху”.

1960 год. На палігоне Байканур у казахстанскіх стэпах адбылася самая жудасная катастрофа ў гісторыі сусветнай касманаўтыкі і ракетнай тэхнікі. 

На старце ўзарвалася міжкантынентальная балістычная ракета Р-16.

Па афіцыйнай інфармацыі загінула 78, па дадзеных акадэміка Б. Чартока – 126 чалавек. Сярод загінулых шмат савецкіх канструктараў ракетнай тэхнікі, камандуючы ракетнымі войскамі СССР – маршал М. Нядзелін.

Гэта катастрофа стала моцным ударам для савецкай касмічнай галіны і ракетабудавання.

Інфармацыя аб катастрофе была засакрэчана да 1989 года.

1970 год. У Вільнюсе памёр Адольф Клімовіч. 

Заходнебеларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Актыўны ўдзельнік беларускага руху, беларускай хрысціянскай дэмакратыі, суарганізатар часопіса “Маладое жыццё”, рэдактар часопіса “Самапомач”, газеты “Беларуская крыніца”.

Выкладаў у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі, публікаваўся ў часопісе «Студэнцкая думка».

Арыштаваны КДБ у 1952 годзе, у 1953 годзе вынесены смяротны вырак, які заменены 25 гадамі зняволення. Вярнуўся з лагера ў Вільнюс ў 1956 годзе.

Склаў біяграфічны слоўнік беларускіх культурных і палітычных дзеячоў, рукапіс захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.

 1973 год. Нарадзіўся Аляксандр Некрашэвіч.

Беларускі мастак-жывапісец.

Працуе на стыку такіх мастацкіх напрамкаў як гістарычны жанр, поп-арт і contemporary art.

Цытаты з вядомых твораў мінулага спалучаюцца ў яго жывапісе з фантастычнымі выявамі іншапланетных прышэльцаў з будучыні альбо з добра вядомымі выявамі нашых сучаснікаў.

Працуе з галерэямі Украіны і Нідэрландаў.

Высокі ўзровень прафесійнага майстэрства мастака ўзводзіць яго ў шэраг буйнейшых жывапісцаў сучаснай Беларусі.

Фатаграфія

1973 год. У Бабруйску нарадзіўся Сяргей Налівайка, беларускі дзяржаўны дзеяч.

Ён працаваў у падатковых органах Бабруйска, у 2014–2024 гадах быў міністрам па падатках і зборах Беларусі, а пазней стаў памочнікам Лукашэнкі, інспектарам па Магілёўскай вобласці.

Сяргей Налівайка на сустрэчы з навучэнцамі каледжа ў ...

1994 год. Памёр Анатоль Вялюгін. 

Беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі БССР.

Аўтар многіх зборнікаў вершаў. Яго лірыка — дасягненне беларускай паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова.

Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Рэха ў пушчы», «Глядзіце на траву» і 40 дакумэнтальных фільмаў, у тым ліку «Балада пра маці», «Генерал Пушча», «Я – крэпасьць, вяду бой».

Перакладчык на беларускую мову асобных твораў М. Лермантава, Ю. Тувіма, Э. Межэлайціса, У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага і іншых.

← Усе навіны Магілёва