Лукашэнкаўскія начальнікі імкнуцца перасягнуць адзін аднаго ў паказусе і папяровых дасягненнях.
Быхаўская фарэлевая гаспадарка «Лахва» за тры месяцы абнавіла цэх перапрацоўкі: новыя вяндлярныя печы, абсталяванне для ікры, вяленай рыбы і прэсерваў. Мадэрнізацыю дырэктар Юрый Куксянкоў патлумачыў ростам – вытворчасць рыбы, паводле яго слоў, вырасла ў пяць разоў. Праз абзац ён жа ўдакладняе: 2,5 тысячы тон гаспадарка дасць у 2027 годзе, калі выйдзе на поўную магутнасць.
Адкуль узяліся пяць разоў, Куксянкоў расказваў яшчэ ў чэрвені 2025 года: «Лахва» тады вырабляла 500 тон фарэлі за год і пасля запуску новых комплексаў збіралася выйсці на 2500 тон. Пяць разоў – гэта 2500, падзеленыя на 500. Планавая магутнасць, а не вырашчаная рыба.
Новыя тоны да таго ж не быхаўскія. У 2025 годзе гаспадарка пабудавала два комплексы па тысячы тон кожны – каля вёскі Палуж у Краснапольскім раёне і ў Хоцімску. Цяпер «Лахва» называе сябе рыбным холдынгам, і магутнасці даччыных прадпрыемстваў складаюцца ў адну лічбу.
Колькі рыбы вырасцілі насамрэч, паказваюць вынікі 2025 года, пра якія ў красавіку дакладвалі Лукашэнку на краснапольскім комплексе. Рыбы каштоўных парод ва ўсёй Беларусі за год атрымалі 600 тон, амаль усю – на шасці індустрыяльных комплексах на чале з «Лахвой». Каб рост у пяць разоў ужо адбыўся, гаспадарцы давялося б вырасціць больш чым у чатыры разы болей, чым за мінулы год вырасціла ўся краіна.
Лічба тым часам разыходзіцца. «СБ. Беларусь сегодня» ужо піша пра рост з 500 да 2500 тон як пра здзейснены факт, а перапрацоўку падае як тую, што мусіць даганяць.
У тым жа Палужы Лукашэнка, выслухаўшы галіновыя прагнозы, загадаў пераправерыць статыстыку: «будзем радавацца, што ў нас будзе 20 тысяч да 2030 года, а рэальна будзе 15 тысяч».
У Быхаўскім раёне радавацца пачалі загадзя.
Фота: mogilevnews.by.
