Казанова

Расіяне едуць у Бабруйск здымаць дэтэктыўны фільм

У Бабруйску шукаюць акцёраў масоўкі ў дэтэктыўную гісторыю “Казанова-4”.

Здымкі фільма ў горадзе будуць праходзіць з 29 лістапада па 1 снежня гэтага года. Пры гэтым на першы дзень здымак масоўку, а гэта 40 чалавек, ужо набралі. Засталося набраць на наступныя дні – 150 і 40 чалавек адпаведна. Галоўнае патрабаванне да прэтэндэнтаў – не мець нарошчаных расніц і татуіровак.

“Акцёры масоўкі будуць граць мінакоў, наведвальнікаў, гасцей мерапрыемства, пасажыраў. Здымаем 1989 год, таму адбіраем людзей максімальна па адсутнасці сучаснасцяў ўсіх: гель-лаку, татуажа броваў, нарошчаных павек, тату на бачных участках цела, выгаленых скроняў у мужчын – гэта ўсё міма і “да спаткання” адразу. Узроставыя катэгорыі не абмежаваныя: ад 18 і да 70+”, – распавёў асістэнт рэжысёра па акцёрах другога плана Юрый Корабаў.

Паводле яго, яшчэ вырашаецца, дзе непасрэдна будуць праходзіць здымкі. Выбар бярэцца з трох лакацый, адна з якіх Лядовы палац. Аплата за адну змену, якая можа цягнуцца па-рознаму – 50 рублёў.

“Казанова” – авантурны дэтэктыўны серыял, дзеянне якога разгортваецца ў Маскве 1975 года. У цэнтры сюжэту – гісторыя харызматычнага махляра, які пад выглядам абаяльнага і інтэлігентнага мужчыны ўваходзіць у давер да жанчын з розных слаёў грамадства. “Казанова-4” – працяг гісторыі аферыста Ігара Красаўцава ў выкананні Антона Хабарава. 

У Беларусі здымкі чацвёртага сезона стартавалі ў верасні. Асноўны здымачны перыяд прайшоў у Мінску і Віцебску, дзе была адноўлена атмасфера канца 1980-х – эпохі імклівых пераменаў, новых магчымасцяў і вялікіх авантур.

Дакладнай даты выхаду новых серый пакуль няма. Вядома, што здымкі будуць праходзіць да 5 снежня, потым не менш за паўгода сыдзе на кампутарную графіку мантаж, карэкцыю колеру і гэтак далей. Прэм’ера серыяла чакаецца не раней лета 2027 года. 

Фільм здымае расійская кампанія “Амедыя Прадакшн“.

Нагадаем, што ў кастрычніку 2026 года ў Бабруйску здымалі фільм пра міліцыю “Слова афіцэра”.

Фотаздымак: 1tv.ru

← Усе навіны Магілёва