З-за змяненняў клімату Беларусь чакаюць засуха, спякота, навадненні і знікненні балот, сцвярджае магілёўскі эколаг, кандыдат геаграфічных навук Ганна Скрыган.
Адказваючы ў сваім тэлеграм-канале “Непрыемны клімат” на пытанне “Ці праўда, што Беларусь атрымае выйсце да мора з-за пацяплення клімата?” магіляўчанка, якая цяпер жыве ў Польшчы, піша, што гэта пытанне не стагоддзяў, а дзясяткаў тысяч гадоў.
“Гэта не значыць, што Беларусі няма чаго баяцца ад кліматычных зменаў. Мора не прыйдзе – а вось засухі, паводкі рэк, экстрэмальная спякота і знікненне балот Палесся – гэта ўжо адбываецца. Проста цяпер. Клімат змяняецца не толькі праз мора” – піша эколаг.
Яна ўказвае, што бліжэйшае да Беларусі мора – Балтыйскае, якое знаходзіцца на адлегласці 257 км. Самая нізкая кропка ў краіне – рака Нёман, што цячэ на вышыні 90 метраў ад узроўня мора.
Ганна Скрыган прыводзіць даныя, што да 2100 года пры высокіх выкідах узровень мора падымецца на 0,63 – 1,01 метра. У экстрэмальным сцэнары – да 2 метраў. “Гэта значыць пры самым песімістычным прагнозе да 2100 годзе мора паднімецца на два метры. А трэба – 90 метраў. Розніца – ў 45 разоў” – адзначае кандыдат геаграфічных навук.
Фотаздымак: ТГ “Непрыемны клімат”
