Тэрмін “суседняя краіна” зноў выкарыстала магілёўская міліцыя, каб не называць Расію, калі размова ідзе аб злачынстве.
Ахвярамі махляроў стала сямейная пара састарэлых магілёўцаў. Паводле 72-гадовага мужчыны, яго жонцы ў мэсэнджары патэлефанавалі невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі паліклінікі, нібыта для ўдакладнення персанальных звестак. Неўзабаве з жанчынай звязаліся ілжэправаахоўнікі і паведамілі, што яе асабістая інфармацыя выкарыстоўваецца злачынцамі. Пад падставай дэкларавання і захаванасці ашчаджэнняў яны пераканалі мужа і жонку перадаць кур’еру ўсе іх наяўныя грошы. Такім чынам пара пазбавілася 80 тыс. рублёў.
Як аказалася, пасыльны, які забраў грошы, быў замежнік, які спецыяльна прыехаў у Беларусь для здзяйснення злачынства з “суседняй краіны”. “Звязаўся чалавек, параіў зарабіць, адаслаў білеты. Я прыляцеў, адпаведна” – кажа ён на відэа. Цяпер затрыманаму пагражае да 12 гадоў зняволення.
У міліцэйскім паведамленні не ўказваецца, што гэта за суседняя краіна, аднак ужо заўважана, што такое словазлучэнне лукашэнкаўскія сілавікі выкарыстоўваюць, калі маецца на ўвазе Расія. Таксама ў тэксце не адзначаецца, што Беларусь, дзякуючы неіснаванню мяжы з гэтай “суседняй краінай”, стала месцам свабодных дзеянняў расійскіх злачынцаў.
Фотаздымак: ТГ “Міліцыя Магілёўшчыны”
