Абмежаванне волі без накіравання ў калонію адкрытага тыпу прысудзілі былому механізатару Дзянісу Халайдаву па палітычнай справе.
37-гадовы жыхар Клічава Дзяніс Халайдаў трапіў пад крымінальны пераслед за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», піша “Наша ніва”.
У 2013 годзе Дзяніс скончыў аграмеханічны факультэт Беларускага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Пасля працаваў механізатарам на Клічаўшчыне і нават спрабаваў свае сілы ў прафесійных спаборніцтвах мясцовых аратых.
Пазней Халайдаў вырашыў працаваць на сябе. У сакавіку 2022 года ён зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам. Яго справа была звязаная з лесам – паслугамі ў галіне лесаводства, лесанарыхтоўкай і дрэваапрацоўкай.
У Клічаве ў мужчыны жонка і сын.
Што менавіта ў дзейнасці былога механізатара ўлады палічылі крыміналам, з наяўнай інфармацыі незразумела. Артыкул “за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” апошнія гады актыўна выкарыстоўваецца ўладамі для палітычнага пераследу.
У выніку Дзяніса Халайдава прызналі вінаватым і прысудзілі так званую «хатнюю хімію». Тэрмін пакарання не ўказваецца.
Фотаздымак: “Наша ніва”
