На беразе Дубравенкі ў Магілёве забурліла велізарная лужына: пасярод вады, якая заліла траву і дарожку, б’юць два цёмныя фантанчыкі з кругамі на паверхні. «Выявіў вось такі вір – новае дзіва прыроды», – паведаміў аўтар роліка.
Каментатары навыперадкі вылучалі версіі. Хтосьці выказаў здагадку, што цячэ нафта, хтосьці – што адкрылася крыніца вечнай маладосці.
Бліжэй да рэальнасці аказаліся тыя, хто напісаў пра прарыў трубы або каналізацыю з суседніх дамоў: на месцы неўзабаве стаяла машына водаканала – рабочыя растлумачылі, што забілася гарадская каналізацыя.
Пра нафту ў каментарах – не выпадкова. Два гады таму Лукашэнка паставіў новаму міністру прыродных рэсурсаў задачу: «трэба капаць і шукаць», «я не веру, што ў нас няма вялікіх аб’ёмаў нафты». Улетку 2025-га, пасля польскага адкрыцця на Балтыцы, збіраў нараду па вуглевадародах і патрабаваў «не разгойдвацца». А ў студзені 2026 года прызнаў, што вялікіх запасаў нафты ў краіне няма.
Магілёўцы прад’явілі сустрэчны доказ. Фантан на Дубравенцы біў не з нетраў, а з забітай каналізацыі – іншых чорных крыніц за трыццаць гадоў пошукаў у Беларусі так і не знайшлі.
Што менавіта выходзіла на паверхню і ці трапіла гэта ў Дубравенку, якая ўпадае ў Дняпро пасярод горада, водаканал не паведаміў.
На набярэжнай, якую рэканструявалі пад ключ з амфітэатрам і скейт-паркам, гэта пакуль адзіная новая з’ява прыроды.
