Бабруйская крэпасць

Бабруйскую крэпасць запісалі ў адзін спіс з Версалем. Тым часам яе прадаюць па 37 рублёў за корпус

Бабруйская крэпасць, калі верыць Магілёўскаму аблвыканкаму, выйшла «на міжнародны ўзровень»: амаль 40 замкаў і абарончых збудаванняў Беларусі «ўключылі ў глабальны рэйтынг – бок у бок з Версалем і Лонданскім Таўэрам», а цытадэль «пакарыла экспертаў з усяго свету». Экспертаў, зрэшты, не было. Не было і рэйтынгу ў тым сэнсе, у якім яго разумее ТРК «Магілёў» – прэс-служба магілёўскіх чыноўнікаў.

Што за рэйтынг

Гаворка ідзе пра Castlemap – бясплатную інтэрактыўную карту замкаў, якую вядзе адзін нарвежскі распрацоўшчык пад нікам Flightmussy. Праект сабраны на адкрытых даных: каардынаты і даты – з Wikidata, фота – з Wikimedia Commons, апісанні – з Вікіпедыі. Аб’ект трапляе на карту, калі ў яго ёсць фатаграфія, дакладныя каардынаты і артыкул у Вікіпедыі, а «рэйтынг вядомасці» складаецца з колькасці моўных версій гэтага артыкула і статыстыкі яго праглядаў. То бок Бабруйская крэпасць «пакарыла» не экспертаў, а лічыльнік Вікіпедыі. Далей спрацаваў сапсаваны тэлефон хлусні дзяржаўных СМІ: беларускія славутасці «афіцыйна суседнічаюць у спісах з Версалем і Таўэрам», Брэсцкая крэпасць «абышла Таўэр і Версаль», а сайт нашага аблвыканкама дадаў ад сябе «экспертаў з усяго свету».
У самім сюжэце ТРК «Магілёў» экспертаў няма – толькі «не без гонару мы знайшлі ў гэтым спісе і аб’екты Магілёўскай вобласці». Месца Бабруйскай крэпасці ў «рэйтынгу» сюжэт увогуле не называе.

Што з крэпасцю насамрэч

Пакуль абласное тэлебачанне расказвае пра сусветнае прызнанне, помнік рэспубліканскага значэння распрадаюць па частках – і гэта не перабольшанне, а храналогія з афіцыйнай старонкі Бабруйскага гарвыканкама: «2007-2008 – продаж з аўкцыёну аб’ектаў крэпасці, у якіх пасля будуць размешчаны кафэ, рэстараны, гасцініцы, забаўляльныя комплексы, офісы». Там жа – праект рэстаўрацыі крэпасці з этапамі «да 2015» і «да 2025». Абодва тэрміны мінулі, а яшчэ ў 2018 годзе стала зразумела, што інвестары славутасцямі не зацікаўленыя.
Далей цэны толькі падалі. У жніўні 2023 года два цагляныя склады 1820-х гадоў на вуліцы Опермана сышлі з таргоў пры стартавай цане 37 рублёў за кожны – выніковую суму і пакупніка «Магілёўаблмаёмасць» не раскрыла.
У 2024 годзе краязнаўчы музей двойчы выстаўляў за адну базавую велічыню рэдуіт другога палігона – двухузроўневы будынак на 545 квадратных метраў з участкам у 45 сотак – гісторыка-культурную спадчыну за 40 рублёў. Умовы для пакупніка – рэстараны, кафэ, гандлёвыя аб’екты і трэнажорныя залы.
Адзінае, што робіцца за бюджэтныя грошы, – кансервацыя на трэцім палігоне. Работы пачаліся ў лістападзе 2024 года, паводле пашпарта аб’екта павінны былі скончыцца ў сакавіку 2025-га, але і ў верасні 2025 года на варотах вісеў той жа пашпарт з пратэрмінаванай датай, а спраектаваныя да таго моманту былі толькі дзве з пяці чэргаў аднаго гэтага палігона. Менавіта гэтую кансервацыю сюжэт ТРК «Магілёў» выдае за «адраджэнне дзякуючы дзяржпраграме», а Белую казарму зноў запісваюць у планы – цяпер на 2026-2030 гады.

Быхаўскі сцэнар

Калі ў 2024 годзе міністр культуры са старшынёй аблвыканкама абмяркоўвалі ў Бабруйску фінансаванне крэпасці з «абласнога, рэспубліканскага і саюзнага бюджэтаў, суботнікаў і прыватных ахвяраванняў», дэжавю было поўным: роўна так пачыналася гісторыя Быхаўскага замка.
Рэзідэнцыю Хадкевічаў і Сапегаў уключылі ў дзяржпраграму «Замкі Беларусі», здалі ў арэнду індывідуальнаму прадпрымальніку, спалілі дах, а потым прыгналі бульдозеры і адарвалі вугал будынка. Сёння помнік XVII стагоддзя афіцыйна называецца «фрагментамі замка», а турыстам паказваюць руіны пад маскіровачнай сеткай.
Бабруйская крэпасць перажыла Напалеона, дзекабрыстаў, польскі лагер для ваеннапалонных 1919–1920 гадоў, нямецкі шталаг і паўстагоддзя савецкага гарнізона.
Пры Лукашэнку яе спачатку распрадалі пад кафэ, потым ацанілі ў адну базавую велічыню, а цяпер абвясцілі сусветным прызнаннем запіс у Вікіпедыі.
Як казаў камергер Мітрыч з «Залатога цяля»: «Сорак гадоў стаяў дом, пры ўсіх уладах стаяў, добры быў дом. А пры савецкай згарэў».

Фота скрыншот відэа сайта Магілёўскага аблвыканкама.

← Усе навіны Магілёва