камунальнікі

У Магілёве работнікі ЖЭУ абрабавалі кватэру памёрлага наймальніка

Намеснік начальніка аднаго з ЖЭУ Магілёва і старшы майстар абрабавалі арэндную кватэру, у якой памёр жыхар.

Як высветліў суд, намеснік начальніка аднаго з магілёўскіх ЖЭУ і старшы майстар пасля смерці мужчыны не прынялі належных мер, каб знайсці яго родных. Падначаленаму работніку яны далі ўказанне адчыніць кватэру.

Пасля гэтага частку знойдзенай там маёмасці работнікі забралі сабе, а астатняе вывезлі нібыта на ўтылізацыю. Агульную шкоду ацанілі больш чым у 7 тыс. рублёў. А каб чужая кватэра была ачышчаная не толькі фактычна, але і выглядала «чыстай» на паперы, з’явіўся адпаведны дакумент. Старшы майстар склаў фіктыўны акт камісійнага абследавання жылля. У яго ўнеслі непраўдзівыя звесткі пра тое, як адчынялі кватэру і што сталася з маёмасцю памерлага.

Адна з рэчаў атрымала асобны крымінальны працяг. Старшы майстар прадаў трэцяй асобе прадмет, скрадзены з кватэры. Экспертыза пазней вызначыла, што гэта была вайсковая халодная зброя, незаконны збыт якой стаў яшчэ адным пунктам абвінавачання.

Справа разглядалася ў судзе Крычаўскага раёна. Адзін з абвінавачаных віну цалкам адмаўляў. Другі прызнаў толькі крадзеж, але не пагадзіўся з астатняй часткай абвінавачання.

У выніку абодвум прызначылі па тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу – так званую «хімію». Яшчэ пяць гадоў ім забаронена займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі паўнамоцтвамі і юрыдычна значнымі дзеяннямі.

Пры гэтым высветлілася, што памерлы быў не такім ужо і «нічыйным». Яго жонку прызналі пацярпелай па крымінальнай справе. Суд цалкам задаволіў яе грамадзянскі пазоў: з былых работнікаў ЖЭУ спагналі нанесеную маёмасную шкоду і яшчэ 10 тыс. рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва