стыпендыя

Студэнтка праз пракуратуру прымусіла чавускае сельгаспрадпрыемства выплаціць стыпендыю

Толькі з дапамогай пракуратуры студэнтка-сірата змагла дабіцца выплаты стыпендыі ад сельгаспрадпрыемства, якое заключыла з ёй дамову аб мэтавай пдрыхтоўцы.

18-гадовая студэнтка адной з віцебскіх ВНУ была вымушана звярнуцца ў пракуратуру Чавускага раёна, каб атрымаць грошы, якія сельгаспрадпрыемства само абавязалася ёй плаціць.

Дамову аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй заключылі яшчэ ў красавіку 2025 года. На той момант дзяўчына была непаўналетняй і мела статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў. Бакамі дамовы, акрамя яе, сталі навучальная ўстанова і сельскагаспадарчая арганізацыя Чавускага раёна.

Прадпрыемства ўзяло на сябе цалкам канкрэтнае абавязацельства – плаціць будучай спецыялістцы стыпендыю на працягу вучобы. Прычым памер выплаты залежаў ад таго, як яна вучыцца. Пры сярэднім бале ніжэй за 7 студэнтцы належалі тры базавыя велічыні штомесяц, ад 7 да 8 – пяць, а пры выніку вышэй за 8 – ужо шэсць базавых.

Сваю частку дамовы дзяўчына выконвала. Зімовую і летнюю сесіі 2026 года яна здала з сярэднім балам 8,0. А вось сельгаспрадпрыемства пра свае абавязацельствы фактычна забылася: з верасня 2025 года стыпендыю студэнтцы-сіраце наогул не плацілі.

У выніку спатрэбілася ўмяшанне пракуратуры. Пасля патрабавання пракурора Чавускага раёна прадпрыемства пералічыла дзяўчыне запазычаную стыпендыю з улікам яе фактычнай паспяховасці. У выніку студэнтка атрымала больш за 2,1 тыс. рублёў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва