У 60 прадаўцоў мяса на рынках з 90 магілёўская абласная санстанцыя знайшла разнастайныя парушэнні.
У верасні санітарныя службы Магілёўшчыны ўзяліся за мясныя рады на рынках вобласці. Правяралі, у якіх умовах захоўваецца прадукцыя, ці ёсць на яе неабходныя дакументы і наколькі чыста на гандлёвых месцах.
Вынікі аказаліся не надта апетытнымі. З больш як 90 правераных гандлёвых аб’ектаў парушэнні выявілі на 60, то бок, у двух выпадках з трох.
Часцей за ўсё праблемы ўзнікалі з тэмпературай і ўмовамі захоўвання мяса (15 выпадкаў). Яшчэ пяць разоў прадукцыю прадавалі без дакументаў, якія пацвярджаюць яе якасць і бяспеку. Знайшоўся і адзін выпадак, калі пакупнікам прапаноўвалі ўжо пратэрмінаваны тавар.
На васьмі гандлёвых аб’ектах санітарных спецыялістаў не задаволіў стан памяшканняў і абсталявання. Яшчэ ў 18 выпадках прадаўцы парушалі патрабаванні да збору і ўтылізацыі харчовых адходаў.
У выніку санстанцыя забараніла продаж 298,7 кілаграма прадукцыі. У дачыненні да парушальнікаў прынялі адміністрацыйныя меры, а таксама выдалі прадпісанні ліквідаваць выяўленыя недахопы.
Фотаздымак: magilev.by
