Атрад спецыяльнага прызначэння «Гром», які дыслакуецца ў Магілёве, прыняў удзел у камандна-штабных вучэннях у Гомельскай вобласці.
Па задумцы МУС, на Мазырскі НПЗ прабралася дыверсійна-разведвальная група, пра што ў міліцыю паведаміў неабыякавы грамадзянін. Акрамя мясцовых сілавікоў, на барацьбу з “дыверсантамі” былі выкліканы атрад спецназа “Гром”, які дыслакуецца ў магілёўскай частцы 6713.
Па задумцы вучэнняў, спецназаўцаў сустракалі розныя прыгоды, а дакладней уздзеянне дэструктыўных сіл. “Працягваць шлях на транспарце стала немагчыма. Камандзір прыняў рашэнне аб спешыванні. Спецназаўцы ў поўнай баявой экіпіроўцы здзейснілі трохкіламетровы марш-кідок да кропкі сустрэчы з асабовым складам вайсковай часці 5525 У Гомелі”, – распавядае МУС, не удакладняючы падрабязнасцей.
Далей таксама было нялёгка. Зламыснікі, па легендзе, надта ціснулі сілавікоў, аднак апошніх гэта не зламіла, і яны з гонарам выканалі ўсе заданні камандзіраў. “З усім байцы справіліся выдатна, паказаўшы высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі і вынослівасці”, – пахваліўся камандуючы Унутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.
Фотаздымак: ТГ “МУС Беларусі”
