Жанчына-маці

Дапрацаваную “Быхаўскую мадону” схавалі пад чорным пакетам

Скульптар Аляксандр Мінькоў палепшыў выгляд сваёй “Жанчыны-маці”, але яе пакуль схавалі ад людскіх вачэй.

Нагадаем, пасля таго, як на кантраверсійную скультуру, якая з’явілася ў Год беларускай жанчыны ў парку Быхава, звярнулі ўвагу спачатку незалежныя журналісты, а потым і ўлады, яе лёс стаў неабыякавым для грамадскасці. Магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў зрабіў жанчыну з ненатуральна вывернутай шыяй, перакошаным тварам, а побач яе сына, які са спачуваннем глядзіць на маці. Улады запатрабавалі ад аўтара скульптуры дапрацаваць яе.

І вось Аляксандр Мінькоў у другі раз завяршыў працу над скульптурай, пра што распавёў тэлеканал АНТ. Праўда, афіцыйна яна пакуль не прынята, таму, пэўна, стаіць цяпер замотаная ў чорны паліэтыленавы мяшок. Каб пад яго ніхто не зазіраў, побач павесілі відэакамеру і папярэджанне, што вядзецца відэаназіранне.

У сваю чаргу Аляксандр Мінькоў паведаміў, што неўзабаве на скульптуру плануюць правесці аўкцыён. Паводле яго, ужо ёсць ахвотныя набыць работу, якія звяртаюцца да яго асабіста.

Колькі грошай прапануюць за «Жанчыну-маці», аўтар не раскрыў. Аднак на пытанне, ці большая гэта сума за тую, якую прапаноўваў выканкам, адказаў: «Вядома!». Раней Мінькоў сцвярджаў, што яго скульптура – падарунак Быхаву.

Таксама Мінькоў распавёў, што ўся гэтая сітуацыя каштавала яму заказаў на працы ў Магілёўскай вобласці.

Скрыншот: АНТ

← Усе навіны Магілёва