Ураджэнка Бабруйска, скандальна вядомая мадэль Насця Рыбка (Настасся Вашукевіч) вядзе праваабарончы праект Women’s Rights Project.
Беларуска, якая некалі атрымала міжнародную вядомасць дзякуючы сэкс-трэнінгам, сувязям з расійскім алігархам і турэмнаму зняволенню ў Тайландзе, цяпер узялася за абарону жанчын. Прынамсі, менавіта так яе новую дзейнасць прадстаўляе амерыканская арганізацыя Human Rights & Analytical House (HRAH).
На сайце арганізацыі з’явілася асобная старонка пра ініцыятыву Women’s Rights Project, кіраўніцай якой названа Настасся Вашукевіч, больш вядомая публіцы пад псеўданімам Насця Рыбка.
Ад сэкс-трэнінгаў да абароны жаночых правоў
Праект афіцыйна стартаваў 19 красавіка 2026 года. Паводле апісання на сайце HRAH, ён павінен дапамагаць жанчынам, якія сутыкнуліся з гвалтам, прымусам, эксплуатацыяй або цяжкімі жыццёвымі абставінамі.
Сярод заяўленых кірункаў – прафілактыка крызісных сітуацый, інфармаванне пра магчымасці атрымання юрыдычнай і псіхалагічнай дапамогі, адукацыйная дзейнасць і даследаванне пагроз, з якімі жанчыны сутыкаюцца ў інтэрнэце. Асобна згадваецца падтрымка мацярынства, дзяцей і сямейнай стабільнасці.
Самой Рыбцы адведзеная роля кіраўніцы праекта. Яна павінна займацца яго развіццём, падрыхтоўкай адукацыйных матэрыялаў і наладжваннем сувязяў з партнёрамі.
Праўда, на сайце ўдакладняецца, што магчымасці дапамогі залежаць ад наяўных рэсурсаў і кваліфікаваных спецыялістаў. Прыняць кожны зварот арганізацыя не абяцае.
Слава бабруйчанкі
Для тых, хто памятае Насцю Рыбку па яе ранейшай дзейнасці, новае амплуа можа выглядаць нечаканым. У сярэдзіне 2010-х гадоў ураджэнка Бабруйска праводзіла трэнінгі па спакушэнні мужчын разам з іншым беларусам, вядомым як Алекс Леслі.
Пазней яе імя прагучала ў міжнародным скандале вакол расійскага мільярдэра Алега Дэрыпаскі. У 2018 годзе матэрыялы з удзелам Рыбкі трапілі ў расследаванне цяпер забітага расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Пасля гэтага беларуска апынулася ў Тайландзе, дзе была затрыманая і правяла амаль год пад вартай.
Цяпер, паводле «Нашай Нівы», Рыбка жыве ў Маскве і прадае курс «Сцервалогія», прысвечаны знаёмствам з заможнымі мужчынамі і атрыманню ад іх дарагіх падарункаў.
Пры гэтым у яе сацыяльных сетках журналісты не знайшлі паведамленняў пра новы праваабарончы праект.
Амерыканскае пацверджанне
Журналісты звярнуліся непасрэдна ў Human Rights & Analytical House, каб высветліць, ці сапраўды арганізацыя працуе з Настассяй Вашукевіч. Там пацвердзілі супрацоўніцтва.
Паводле прадстаўнікоў HRAH, Рыбка развівае ініцыятыву дапамогі жанчынам у крызісных сітуацыях, а арганізацыя падтрымлівае яе дзейнасць. Аднак гаворка не ідзе пра фінансаванне. У HRAH патлумачылі, што не маюць бюджэту на замежныя праекты. Пры гэтым прадстаўнікі арганізацыі не ўдакладнілі, якія канкрэтныя мерапрыемствы ўжо правяла Рыбка і колькі жанчын атрымалі дапамогу за час існавання ініцыятывы.
Такім чынам, праект мае афіцыйную старонку і заяўленую праграму дзейнасці, але яго практычныя вынікі пакуль застаюцца невядомымі.
Зрэшты, тэма праваабароны для бабруйчанкі не зусім новая. Пасля вызвалення з тайскай турмы яна расказвала, што дапамагае грамадзянам Расіі, якія знаходзіліся ў іміграцыйных месцах зняволення Тайланда. Тады Рыбка нават заяўляла пра гатоўнасць займацца такой дзейнасцю ўсё жыццё.
Цяпер гэтае захапленне, прынамсі паводле афіцыйнай інфармацыі HRAH, перарасло ў асобную ініцыятыву з міжнароднай назвай.
Аднак пакуль найбольш вядомым вынікам новага праекта застаецца новая, а можа проста яшчэ адна постаць Насці Рыбкі: ад навучання жанчын спосабам атрымліваць падарункі ад багатых мужчын да абяцання дапамагаць тым, хто апынуўся ў цяжкім становішчы.
Фотаздымак: hrhouse.us