Кірсанава

Асуджанай у Расіі за педафілію настаўніцы з Бабруйска дадалі год зняволення

Выкладчыцу вакала з Бабруйска Кацярыну Кірсанаву, раней асуджаную на 13 год зняволення, асудзілі яшчэ на год па новым факце сэксуальнага гвалту над непаўналетняй.

Цяпер асуджаная правядзе ў калоніі 14 гадоў замест 13, таксама ёй на 15 гадоў забаранілі выкладаць пасля вызвалення, распавяла лідар руху “Здай педафіла” Ганна Леўчанка.

“Тэрмін павялічылі, таму што быў асобны суд па іншай дзяўчынцы, якую яна таксама разбэшчвала. Дзяўчынка з’ехала ў Сербію і прыязджала спецыяльна для дачы паказанняў. Кірсанаву вымалі з СІЗА, яшчэ раз праводзілі следчыя дзеянні. Ёй паставілі яшчэ адзін эпізод, таму павялічылі тэрмін”, – сказала Леўчанка. 

Справу па артыкуле аб гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару супраць асоб, якія не дасягнулі 14 гадоў, у Маскве распачалі ў 2024 годзе пасля расследавання журналістаў і ўвагі праекта “Здай педафіла”. У 2025-м выкладчыцу арыштавалі, а ў снежні 2025 года прызначылі 13 гадоў калоніі. 

Паводле Следчага камітэта Расіі, у 2019 годзе выкладчыца рэгулярна запрашала да сябе дадому 12‑гадовую вучаніцу, а таксама адпраўляла ёй свае інтымныя фатаграфіі.

Кацярына Кірсанава родам з Бабруйска, у Мінску скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці “музычны педагог”. Каля 10 гадоў яна выкладала ў Расіі, у апошні час працавала ў культурным цэнтры «ЗІЛ», здымалася ў масоўцы.

Фотаздымак: vk.com

← Усе навіны Магілёва