Казарма

Галоўную казарму Бабруйскай крэпасці ратуюць ад далейшага разбурэння

У Бабруйскай крэпасці працягваюцца работы па кансервацыі аднаго з самых маштабных яе збудаванняў – былой казармы. Пакуль гаворка ідзе не пра аднаўленне помніка архітэктуры, а пра яго выратаванне ад далейшага разбурэння.

Трохпавярховы будынак П-падобнай формы на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча доўгі час знаходзіўся ў аварыйным стане. Часткова абваліўся дах, былі пашкоджаныя перакрыцці, у сценах утварыліся расколіны.

Будаўнічыя работы пачаліся ў верасні 2026 года. Праектная дакументацыя распрацаваная на ўвесь будынак, аднак на першым этапе работы ахопліваюць толькі частку казармы.

Будаўнікі дэмантавалі пашкоджаныя бэлькі перакрыццяў і пачалі закрываць аконныя праёмы. Да канца года плануецца часткова змантаваць фермы перакрыцця і падрыхтаваць дах, паведамляецца ў матэрыяле пра ход работ.

Заказчыкам выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Бабруйска, падрадчыкам – ААТ «Бабруйскэнергамантаж».

Як раней пісалі mogilev.media, планы кансервацыі казармы агучваліся яшчэ ў 2013 годзе. Цяпер першачарговая задача – абараніць гістарычны будынак ад уздзеяння ападкаў.

Калі казарма будзе цалкам адноўленая і якое прызначэнне атрымае ў будучыні, пакуль невядома.

Фота: komkur.info

← Усе навіны Магілёва