Труп 67-гадовага пенсіянера з перарэзанай соннай артэрыяй знайшлі ў яго гаражы ў Горках.
Трагедыя адбылася яшчэ ў кастрычніку 2026 года. Суседка ўбачыла ў гаражы акрываўленае цела мужчыны. Медыкам хуткай дапамогі, якія прыбылі на месца здарэння, заставалася толькі канстатаваць смерць пенсіянера.
Падчас агляду гаража следчыя знайшлі побач з загінулым падключаную да электрасеткі балгарку, на якой быў усталяваны зубчасты пільны дыск. Аб тым, што незадоўга да смерці гаспадар гаража займаўся апрацоўкай металу, сведчыла свежая металічная стружка.
Як паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, прычынай смерці горацкага пенсіянера стала вострая страта крыві ў выніку пашкоджання агульнай соннай артэрыі. Акрамя таго, судовыя эксперты выявілі ў крыві загінулага этылавы спірт у канцэнтрацыі 2 праміле.
Падчас праверкі высветлілася, што мужчына не ўтрымаў электраінструмент у руках і атрымаў цяжкую траўму шыі. У гаражы пенсіянер знаходзіўся адзін. Самастойна спыніць крывацёк ён не здолеў і памёр яшчэ да таго, як яго знайшла суседка.
У сувязі з гібеллю жыхара Горак судовыя эксперты нагадалі пра катэгарычную забарону выкарыстання зубчастых пільных дыскаў на вуглавых шліфавальных машынах, якія ў побыце называюць балгаркамі. Выкарыстанне такіх дыскаў павялічвае рызыку атрымання цяжкіх траўм, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення.
Фотаздымак: sudexpert.gov.by
