ураджайнасць

Высокая ўраджайнасць на Шклоўшчыне аказалася “ліпай”

Камітэт дзяржкантроля выявіў прыпіскі ўраджайнасці ў адной з сельгасарганізацый Шклоўскага раёна. Намеснік дырэктара трапіў пад крыміналку.

Як высветлілі кантралёры, у сельгасарганізацыі знайшлі даволі просты спосаб палепшыць вытворчыя паказчыкі. Пры падліку ўраджайнасці ў статыстычнай справаздачнасці заніжалі ўборачныя плошчы сельскагаспадарчых культур.

Дзякуючы такім маніпуляцыям гаспадарка атрымала на паперы дадатковыя 16,5 цэнтнера азімага рапсу з гектара. Ураджайнасць збожжавых культур вырасла на 9,5 цэнтнера з гектара.

За ўнясенне непраўдзівых звестак у дзяржаўную статыстычную справаздачнасць у дачыненні да намесніка дырэктара сельгасарганізацыі распачалі крымінальную справу.

Пакуль у справаздачах раслі паказчыкі ўраджайнасці, у самой гаспадарцы не здолелі захаваць частку сабранага. Кантралёры выявілі факт псавання 30 тон пшаніцы і рапсу агульным коштам 26 тыс. рублёў. Ад сапсаванага ўраджаю ў гаспадарцы пазбавіліся, закапаўшы яго ў лясным масіве.

За псаванне збожжа да адказнасці прыцягнулі восем службовых асоб. Цяпер з вінаватых спаганяюць нанесеную гаспадарцы шкоду. Дырэктар сельгасарганізацыі пазбавіўся сваёй пасады.

Назву гаспадаркі, у якой такім своеасаблівым чынам павышалі ўраджайнасць і распараджаліся сабраным ураджаем, у Камітэце дзяржкантролю не паведамілі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва