герб Пагоня

Генпракуратура хоча прыбраць «Пагоню» з герба Магілёва – былы дырэктар музея гісторыі горада намаляваў ёй замену

Гісторык Аляксей Бацюкоў, які дзесяць гадоў кіраваў Музеем гісторыі Магілёва, прапанаваў гораду новы герб. Замест «Пагоні» на ім турэмшчык з ключамі ад камер, а замест рыцара ў браме – вязень за кратамі.

Так Бацюкоў адказаў на ідэю Генеральнай пракуратуры перагледзець гарадскія гербы, на якіх ёсць «Пагоня».

Што прапанавалі ў Генпракуратуры

Ідэю агучыў на круглым стале у Генеральнай пракуратуры намеснік дырэктара яе навукова-практычнага цэнтра Алег Русецкі. Ён прапанаваў правесці рэвізію рэгіянальнай сімволікі, створанай «без уліку дзяржаўнай ідэалогіі».

Паводле яго слоў, такія сімвалы могуць быць «прычынамі і ўмовамі экстрэмізму».

Канкрэтныя гербы на круглым стале не называлі. Але «Пагоня» ёсць на гербах Магілёва, Лепеля, Рэчыцы і Верхнядзвінска. Магілёў у гэтым спісе – найбуйнейшы горад.

«Пагоня» пад аховай дзяржавы

Пры гэтым сам герб «Пагоня» унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як нематэрыяльная спадчына. Паводле закона, такія каштоўнасці ахоўвае дзяржава.

На гэта і ўказвае Бацюкоў. Паводле яго слоў, «Пагоня» прызнаная нацыянальнай каштоўнасцю, і пракуратура павінна яе ахоўваць, а не шукаць у ёй экстрэмізм.

Людзей, якія прапануюць адваротнае, на думку гісторыка, варта было б праверыць на прафесійную прыдатнасць.

Хто такі Аляксей Бацюкоў

Бацюкоў кіраваў Музеем гісторыі Магілёва з 2011 года. Яго называюць легендарным дырэктарам.

У 2012 годзе музей сабраў грошы гараджан і выкупіў у маскоўскага калекцыянера Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года – арыгінальнае выданне.

Статут рыхтаваў падканцлер ВКЛ і стараста магілёўскі Леў Сапега. Потым музей такім жа спосабам папоўніў фонды іншымі рэдкімі кнігамі.

У 2020 годзе гісторыка затрымалі за ўдзел у пратэстах і аштрафавалі. У студзені 2021 года з ім не працягнулі кантракт, і ён пакінуў музей.

«Няхай паляжыць»

У 2023 годзе Бацюкова затрымлівалі двойчы – у ліпені і ў снежні. Другі раз у кватэру ўварваліся ўзброеныя амапаўцы, гісторыка паклалі на падлогу са скаванымі за спінай рукамі.

Затрыманне паказала тэлерадыёкампанія «Магілёў». Сюжэт вяла Віталіна Петрусевіч – дачка дырэктара «Могилевских ведомостей» і «сенатара» Ірыны Петрусевіч.

Над гісторыкам, які ляжаў на падлозе, яна сказала: «Твар гэтага змагара мы пакажам крыху пазней, а пакуль няхай паляжыць». Бацюкоў правёў 15 сутак у ізалятары і пасля вызвалення з’ехаў з Беларусі.

Фота ілюстрацыйнага характару.

← Усе навіны Магілёва