Памятаеце гісторыю, як з рахунка магілёўца спісваліся грошы без яго ведама? Банк вярнуў частку з іх.
Палітэмігрант з Магілёўшчыны Сяргей, які дзесяць месяцаў плаціў парталу вакансій Dr.Job за непатрэбную яму падпіску, аформленую парталам без яго згоды, атрымаў частку грошай назад. PKO Bank Polski спачатку адхіліў яго рэкламацыю, але пасля апеляцыі перагледзеў рашэнне – менш чым за тыдзень.
Адмову банк даслаў 4 кастрычніка. Абгрунтаванне было фармальным: картай карыстаўся аўтэнтыфікаваны ўладальнік, значыць, транзакцыі выкананы карэктна. Сяргей абскардзіў адмову, 16 кастрычніка апеляцыю прынялі да разгляду, а 21 кастрычніка на яго рахунак паступілі пяць залічэнняў на 676,27 злотага. Сумы супадаюць да гроша з тымі пяццю спісаннямі, якія ён аспрэчваў і якія былі пералічаны ў адмове.
Пісьмовага рашэння па апеляцыі Сяргей пакуль не атрымаў, таму невядома, на якой падставе банк змяніў пазіцыю. Калі адказ прыйдзе, стане зразумела, ці прад’явіў Dr.Job хоць нейкі доказ згоды на рэгулярныя спісанні – Сяргею кампанія яго так і не паказала. Галоўная выснова з гэтай гісторыі практычная: першая адмова банка не канчатковая. Яе можна абскардзіць у тым жа банку, і паўторны разгляд можа скончыцца інакш. Калі не дапаможа і апеляцыя, у Польшчы застаюцца Банкаўскі арбітр і Фінансавы амбудсмен.
Спяшацца пры гэтым трэба з самага пачатку – правілы Visa даюць на аспрэчванне 120 дзён з даты спісання, і ўсё, што старэйшае, банк вярнуць ужо не можа. Менавіта таму вярнуліся не ўсе грошы.
Аспрэчыць праз банк Сяргей змог толькі пяць апошніх спісанняў. Астатнія сем, каля 900 злотых, выйшлі за межы 120-дзённага тэрміну і застаюцца ў Dr.Job. Вярнуць іх можна толькі праз эмірацкія органы, а гэты шлях для нерэзідэнта амаль закрыты: рэгулятар свабоднай зоны адсылае да службы абароны правоў спажыўцоў Абу-Дабі, а яе анлайн-парталы патрабуюць эмірацкае пасведчанне асобы.
Зварот Сяргея ў эмірацкія ведамствы пакуль застаецца без адказу.
Ад рэдакцыі: выпіску з рахунку з залічэннямі Сяргей нам прадаставіў.
Фота ілюстрацыйнага характару.
Чытаць таксама: Магілёвец хацеў знайсці ў эміграцыі працу, а замест гэтага дзесяць месяцаў плаціў эмірацкаму парталу вакансій
