У рыбалоўных угоддзях Мсціслаўскага раёна затрымалі мужчыну, які здабываў шырокапалага рака – від, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, лоўля якога цалкам забароненая. Пры браканьеры было 17 ракаловак.
Улоў склаў 740 асобін агульнай вагой 24,5 кілаграма. Шкода навакольнаму асяроддзю ацэнена ў 3 330 базавых велічынь: пры цяперашнім памеры базавай велічыні ў 45 рублёў гэта каля 150 тысяч рублёў, або больш за дзвесце рублёў за аднаго рака.
Жывымі ў натуральнае асяроддзе пражывання выпусцілі 411 асобін – астатнія 329 не выжылі.
Затрыманы растлумачыў, што пра статус рака ведаў і здабываў яго дзеля нажывы: ракамі ён разлічваўся з людзьмі за аказаныя яму паслугі – выкарыстоўваў іх, паводле ўласных слоў, як жывую валюту.
Мсціслаўскі раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу.
Фота з ведамаснага сайта Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
