У Магілёве мілітарызавалі байкераў-падлеткаў

У Магілёве дзіцячую мота-каманду апранулі ў вайсковую форму, далі аўтаматы і зрабілі “разведчыкамі” на камандна-штабных вучэннях.

Дзіцячая мотасекцыя Biker Kids Mogilev з’явілася ў Магілёве ў 2023 годзе. Яе заснавала трэнерка-метадыст па матацыклетных відах спорту абласной арганізацыі ДТСААФ Кацярына Паўленка разам з мужам.

У секцыю набіралі падлеткаў ад 12 гадоў і вучылі іх мотаджымхане – фігурнаму ваджэнню матацыкла. Каманду аформілі ў стылі байкерскага клуба, што і прыцягнула дзяцей, зацікаўленых тэхнікай і матацыкламі. Але звычайны байкерскі антураж паступова саступіў месца вайсковаму.

Юных матацыклістаў прыцягнулі да камандна-штабных вучэнняў у вайсковай часці №72471 у Пашкаве. Замест звыклай экіпіроўкі дзецям выдалі вайсковую форму і аўтаматы Калашнікава.

Ролю для падлеткаў таксама знайшлі адпаведную – мотаразведка. Паводле сцэнару вучэнняў, юных матацыклістаў дастаўлялі на «поле бою» ў кузаве ўсюдыхода. Так дзіцячая секцыя, якая пачыналася з фігурнай язды на матацыклах, атрымала цалкам вайсковую функцыю.

Фотаздымак: Mayday

← Усе навіны Магілёва