Падатковая інспекцыя па Магілёўскай вобласці спыніла ў Магілёве гандаль нехарчовымі таварамі без дзяржаўнай рэгістрацыі.
У прадаўца канфіскавалі 334 адзінкі тавару – біжутэрыю, акуляры і ніжнюю бялізну – на 3,9 тысячы рублёў. Гэта каля дванаццаці рублёў за рэч.
Тавар арыштаваны. Прадаўцу пагражае штраф да 100 базавых велічынь: пры базавай велічыні 45 рублёў гэта 4,5 тысячы – больш, чым каштуе ўвесь яго склад. Асобна з яго патрабуюць адзіны падатак за жнівень – 1,1 тысячы рублёў.
За сем месяцаў падатковыя органы вобласці выявілі 23 такія факты, эканамічны суд пакараў 19 чалавек. Вынік па вобласці:
- штрафы – 7,9 тысячы рублёў;
- даналічаныя падаткі – 2,5 тысячы рублёў;
- канфіскаваныя тавары і даход – 50,5 тысячы рублёў.
Усё, чаго гэтыя 19 чалавек недадалі бюджэту за сем месяцаў – 2,5 тысячы рублёў. Забралі ў іх тавару і выручкі на 50,5 тысячы, у дваццаць разоў больш за нядоімку. Сэнс працы фіскальных органаў, бадай, тут не ў тым, каб атрымаць падатак, а ў тым, каб канфіскаваць тавар.
Фота ілюстрацыйнага характару.
