Ісачанка

Жніво без ураджайнасці, кадры без чахарды: пра што Ісачанка далажыў Лукашэнку

Масавая ўборка збожжавых на Магілёўшчыне завершана – пра гэта старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў Лукашэнку. У дакладзе ёсць гектары і працэнты: застаецца ўбраць каля 1,8 тысячы гектараў позняспелай пшаніцы, кукуруза на сілас скошана на 8 працэнтах плошчаў, пад азімыя трэба засеяць 233 тысячы гектараў, узарана 30 працэнтаў. Чаго ў дакладзе пра завершанае жніво няма – дык гэта ўраджайнасці і валавога збору.
Адсутнасць заўважная таму, што мінулы раз пра гэта пытаўся сам Лукашэнка. 21 ліпеня, калі ўбралі 11 працэнтаў каласавых, Ісачанка назваў 31,4 цэнтнера з гектара, паабяцаў, што лічба вырасце, і нагадаў пра леташні валавы збор у 1,4 мільёна тон. На прамое пытанне, ці выйдзе вобласць на 35 цэнтнераў, адказаў, што хлеб стаіць нядрэнны і такая ўраджайнасць плануецца.
Лічыць вобласць умее: калі ўбралі 88 працэнтаў плошчаў, валавы збор складаў 1 003 927 тон пры сярэдняй ураджайнасці 33,1 цэнтнера з гектара – дадзеныя абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.
Розніца паміж раёнамі пры гэтым трохразовая: Шклоўскі ішоў з 52,1 цэнтнера, а Бабруйскі завяршыў жніво з 27 цэнтнерамі, трапіўшы пры гэтым у пяцёрку лідараў па валавым зборы. Абяцаныя 35 цэнтнераў у гэтых лічбах не праглядаюцца, і ў дакладзе яны не прагучалі.
А Лукашэнка, ведаючы сумную сітуацыю ў вобласці “жэстачайшэ”, і не пытаўся.
Другое пытанне было пра кадры – і ў раёнах, і ў асобных гаспадарках.
Адказ Ісачанкі: ратацыя вядзецца планава, «тут нічога надзвычайнага няма».
Як выглядае штатны рэжым, відаць на адным прадпрыемстве. У жніўні 2025 года Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў паказваў кіраўніку горада дырэктар Арцём Камейка.
У жніўні 2026 года калектыву прадставілі новага дырэктара Валерыя Пташыца – таго самага, які камбінат ужо ўзначальваў да Камейкі.
За дванаццаць месяцаў кола замкнулася, і ні адзін з двух прыходаў публічна нічым не патлумачылі.
Атрымліваецца, што ў нашай вобласці ўраджайнасць вымяраюць гектарамі, а кадры – штогадовымі ратацыямі адных і тых жа “кадраў”.

Фота “Могилевские ведомости”.

← Усе навіны Магілёва