Ліфцёр

Справа магілёўскага серыйнага забойцы-”ліфцёра” з 90-х накіравана ў суд

Дзевяць забойстваў дзяўчынак-падлеткаў і два замахі на забойства інкрымінаваны 54-гадоваму магілёўцу, якога цяпер чакае суд.

Паляванне на школьніц

Паводле матэрыялаў справы, злачынец дзейнічаў на тэрыторыі Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай абласцей у 1996–1999 гадах. Ён выбіраў сваіх ахвяр сярод дзяўчынак-падлеткаў, пра якіх ведаў, што ўдзень бацькі на працы, а дзеці вяртаюцца са школы адны. Таму гадзінамі хадзіў па мікрараёнах шматпавярховай забудовы, чакаючы найбольш безабаронную ахвяру.

Напады адбываліся ў пад’ездах. Следства сцвярджае, што мужчына душыў дзяўчынак, пагражаў нажом і наносіў удары, спрабуючы згвалтаваць і забіць іх.

У двух выпадках трагедыю перапынілі суседзі, якія выпадкова выйшлі са сваіх кватэр. Менавіта дзякуючы ім дзве дзяўчыны засталіся жывымі і пазней змаглі апазнаць нападніка. 

Дзесяцігоддзі няўдалых пошукаў

Яшчэ ў канцы 1990-х следчыя заўважылі, што ўсе эпізоды аб’ядноўваюць аднолькавыя прыкметы: матыў, спосаб дзеянняў, узрост ахвяр і месца нападу. Узнікла версія пра аднаго серыйнага злачынцу.

Пазней яе пацвердзіла і генетычная экспертыза – біялагічныя сляды з розных месцаў злачынстваў належалі аднаму чалавеку. Але нават гэта не дапамагло адразу назваць яго імя.

Парадокс у тым, што ўжо ў 2001 годзе гэты ж мужчына быў асуджаны за два напады на дзяўчат. Тады ён не спрабаваў забіваць сваіх ахвяр, таму праваахоўнікі не звязалі яго з серыяй забойстваў.

Відэакамеры страха

Ад пачатку 2000-х серыя забойстваў раптоўна спынілася. Следства лічыць, што прычынай стала не раскаянне, а страх.

Паводле версіі Генпракуратуры, мужчына баяўся выкрыцця з-за сваёй крымінальнай біяграфіі, а распаўсюджванне дамафонаў і сістэм відэаназірання зрабіла падобныя напады значна больш рызыкоўнымі. І тады ён перайшоў да замкнёнага ладу жыцця і амаль не прыцягваў увагі.

Толькі ў пачатку 2025 года магілёвец зноў трапіў у поле зроку праваахоўнікаў, праўда, пракуратура не паведаляе, якім чынам гэта адбылося. Новыя доказы разам з вынікамі ДНК-экспертызы дазволілі следству аднавіць падзеі трыццацігадовай даўніны.

Цяпер серыйнага забойцу з Магілёва чакае суд. Мужчына застаецца пад вартай.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва