Новы генплан

У новым генеральным плане Магілёва горад далучылі да Маскоўскай дзяржавы ў 1495 годзе. Што?

Новы генеральны план развіцця Магілёва да 2035 года ўражвае не толькі дзіўнымі фантазіямі аўтараў, але і наўпроставай фальсіфікацыяй гісторыі горада.

Гісторыя, якой не было

Новы генплан Магілёва быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 1 верасня 2026 года разам з генпланамі Віцебска і Гомеля. Падзея не надта значная, бо час ад часу генеральныя планы гарадоў прымаюцца, потым у іх уносяцца карэкціроўкі, якія могуць значна мяняць тое, што было запісана на пачатку. Такія карэкціроўкі, вобразна кажучы, уносіць жыццё. Аднак гэтым разам тое, што напісалі аўтары змяняць трэба ўжо, пакуль чарнілы на гэтым гора-генплане яшчэ не высахлі. А яго аўтараў трэба гнаць як мага далей з іх пасад, і ніколі не дазваляць ім набліжацца да стварэння сур’ёзных дакументаў.

Калі зазірнуць на старонку 132 генплана Магілёва, то кожны, хто знаёмы з гісторыяй горада ўбачыць тое, што можна было б назваць гістарычным адкрыццём, калі б яно не было звычайнай фальсіфікацыяй гісторыі. 

Аўтары сцвярджаюць, што Магілёў з 1495 па 1538 год уваходзіў у Маскоўскае княства. Знаўцам магілёўскай мінуўшчыны цяпер застаецца толькі здагадвацца, чаму аўтары генплана выбралі менавіта вышэйазначаныя гады. Адразу варта папярэдзіць тых, хто паспрабуе прайсці гэты квэст – гэта ўсё роўна як знайсці чорнага ката ў цёмным пакоі, асабліва калі гэтага ката там няма.
фальсіфікацыя

Прарасійская хлусня

Але на гэтым дзівосы новага генплана Магілёва датычна гісторыі не заканчваюцца. “Падчас Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў г. Магілёў быў заняты і разбураны войскамі Карла XII”, – пішуць аўтары важнага дакумента. А вось гістарычныя дакументы, якім веры больш, чым цяперашнім фальсіфікатарам, сведчаць аб іншым.

“У год 1708, месяца верасня, 8 [дня], на святога пакутніка Сазонта, напярэдадні нараджэння найсвяцейшай панны, пан Бог, які доўга цярпеў, караючы горад за нашы цяжкія грахі, дапусціў так, што горад Магілёў, нягледзячы на тое, што быў зрабаваны шведам, але застаючыся забудаваным дамамі, крамамі, на Божае свята ператварыўся за адзін дзень праз агонь у попел і тло, бо, паводле ўказу цара Пятра Аляксеевіча, маскоўцы, калмыкі і татары ў вышэйпамянёны дзень, разам з усходам сонца, акружылі горад з усіх бакоў. Пазачынялі брамы, па трывозе ўдарылі ў барабаны, а калі заўважылі – замак ужо гарыць.

Адчынілі брамы, прасілі літасці, але дарэмна, толькі далі гадзіну вольнага часу і прыставілі варту, пакуль пазносілі з ратушы ў склеп гарадскія кнігі. Тут калмыкі крамы адбіваюць, рабуюць, з другога канца паляць, заўважым, між іншым, людзей з адзення абабіраюць, грошы мацаюць, цэрквы адбіваюць, рабуюць і, калі ўжо, адным словам кажучы, загарэўся астрог, кінуліся на прадмесці і найперш абрабавалі багатыя дамы. А калі агонь заняўся з усіх бакоў, зрабаваўшы горад да асновы, ад’ехалі прэч”, – апісвае знішчэнне горада войскамі расійскага цара Пятра І, а не шведскімі Карла ХІІ, «Магілёўская хроніка» Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага.

Па вялікім рахунку такім фальсіфікацыям, якія заснаваны на прарасійскіх сімпатыях аўтараў генплана, здзіўляцца не варта. Дастаткова ўзгадаць, як іх бос, а менавіта беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка, па-халопску цалаваў ордэн, падараваны яму ў Маскве ў кастрычніку 2024 года тамтэйшым правіцелем Уладзімірам Пуціным, які, у сваю чаргу, зараз спрабуе знішчыць Украіну і яе народ. 

Фантазіі фальсіфікатараў

Сцвярджэнне “хто не помніць свайго мінулага, той не мае будучага”, пэўна, наўпрост тычыцца аўтараў генеральнага плана Магілёва. На старонцы 134 распавядаецца пра тое, колькі насельніцтва будзе жыць у горадзе ў 2030 і 2035 гадах. 

“Параметры развіцця абласнога цэнтра ўстаноўлены на падставе аналізу дынамікі колькасці насельніцтва и дэмаграфічных працэсаў, якія адбываліся цягам апошняга дваццацігоддзя”, – сур’ёзна сцвярджаецца там.

Згодна гэтаму аналізу, у 2030 годзе ў Магілёве будзе жыць 368 тыс. чалавек, а ў 2035 – 375 тыс. чалавек. Сучасны стан, якім аўтары генплана чамусьці называюць 1 студзеня 2021 года, насельніцтва горада – 357,4 тыс. чалавек. Калі б гэтыя гора-генпланшчыкі зазірнулі ў даныя Белстата, то ўбачылі б што на 1 студзеня 2026 года ў Магілёве жыла 352,9 тыс. чалавек. То бок колькасць насельніцтва Магілёва за пяць гадоў зменшылася, а не вырасла, на 4,5 тыс. чалавек, і тэндэнцыя змяншэння не перапыняецца. Якім чынам праз чатыры гады магілёўцаў стане больш на 15,1 тыс., а праз дзевяць яшчэ на 7 тыс., вядома толькі фальсіфікатарам магілёўскай гісторыі, якія да таго ж з’яўляюцца адарванымі ад рэалій фантазёрамі. А знаходзяцца яны ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва РБ і Навукова-праектным рэспубліканскім ўнітарным прадпрыемстве “БелНДІгорадабудаўніцва».

Фотаздымак: pravo.by

← Усе навіны Магілёва